Skip to main content

Парафіяда. Дзень трэці

IMG 0190У трэці дзень Парафіяды ўсе удзельнікі сабраліся на гродзенскім стадыёне "Нёман". Урачыстым уваходам яны прайшлі на галоўны стадыён, несучы высока над галавой таблічкі з надпісамі сваіх мясцовасцей і парафій. Удзельнікаў прывітаў парафіядны камітэт на чале з дырэктарам стадыёна Францішкам Лецягам, які выступіў з прамовай і пажадаў усім поспехаў і высокіх вынікаў у спаборніцтвах.

Пасля малітвы і гімна ўдзельнікі Парафіяды разышліся па месцах, дзе праводзіліся спартыўныя конкурсы. Дзеці і моладзь паказвалі свае здольнасці ў розных відах спорту: бегу, футболе, валейболе, шашках, бадмінтоне і інш.

Абноўлена: Дадаліся фота з вечара ў Квасоўцы, куды па запрашэнні пробашча квасоўскай парафіі, кс. Яна Занеўскага, прыбылі маладыя ўдзельнікі парафіяды.



-- Гэта доўгачаканы дзень для ўсіх. Дзеці і моладзь з прыходаў Гродзенскай дыяцэзіі цэлы год рыхтаваліся да гэтых спаборніцтваў. Яны таксама з нецярпеннем чакаюць, калі распачнецца Парафіяда ў наступным годзе, -- распавёў ксёндз Максім Бачарнікаў, аканом Парафіяды.

Мы спыталіся аб уражаннях ад Парафіяды ў яе ўдзельнікаў.

-- Я вельмі рады, што ёсць такое мерапрыемства, дзе дзеці і моладзь могуць паказаць свае здольнасці і таленты, а таксама засведчыць веру ў Бога. Тут я балею за сваю каманду, а таксама заводжу новых сяброў, -- расказаў Максім з парафіі Божай Міласэрнасці на Вішняўцы.

-- Я вельмі задаволены тым, што прыехаў сюды, хоць знаходжуся тут першы раз. Мы спачатку молімся ў касцёле, каб усё было добра, затым едзем, каб прыняць удзел у конкурсах і спаборніцтвах, -- падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў.

Падзяліўся сваім вопытам і меркаваннем галоўны арганізатар Парафіяды ксёндз Артур Малафей: -- У гэтым годзе мы прынялі 27 прыходаў з нашай Гродзенскай дыяцэзіі. Узрост удзельнікаў ад 11 да 19 гадоў. Гэта IV Парафіяда Гродзенскай дыяцэзіі. У гэтым годзе ў частцы трыяды "Стадыён" мы дадалі некаторыя віды спорту, каб дзеці маглі сябе яшчэ як мага больш рэалізаваць. Вялікая ўвага надаецца таксама не толькі фізічнаму боку Парафіяды, але таксама і духоўнаму. Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што незалежна ад таго, якая каманда прымала ўдзел у спаборніцтвах, усе прысутныя ўзнагароджвалі пераможцу апладысментамі, а калі хтосьці не дабіваўся пазітыўных вынікаў, то апекуны груп прыходзілі з падтрымкай і суцяшэннем для тых удзельнікаў.

Пасля цяжкага, але вельмі плённага дня, удзельнікі Парафіяды адправіліся ў Квасоўку, дзе ўсіх чакаў пачастунак і вясёлы вечар з канцэртам.