Бацька, мужчына, гаспадар, галава сям’і, абаронца Радзімы – гэта фундамент грамадства. Пакліканнем кожнага бацькі з’яўляецца паказаць сваім жыццём і захаваць сапраўдны вобраз Бога, добрага і міласэрнага Айца. Калі таты моцныя ў веры, то і сем’і будуць жыць з Богам. Каб мець моцную веру, таты мусяць чэрпаць духоўную моц з крыніцы, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, праз малітву бацькоў і малітву за бацькоў. Такімі разважаннямі кіруюцца арганізатары пілігрымкі для бацькоў, якую ладзілі кс. дзекан Ян Пузына і кс. Павел Паўлюкевіч, вікарый парафіі Ашмяны.
Падчас пілігрымкі татаў у Баруны духоўны кіраўнік кс. Юрый Ёдзік прадставіў у канферэнцыях, кім з’яўляюцца сённяшнія мужчыны, таты, мужы, і кім яны павінны быць паводле Божай задумы. Было таксама шмат малітвы і спеваў, якія праводзілі клерыкі ВДС у Гродне. Пасля прыходу ў Баруны да мужчын далучыліся іх жонкі і дзеці, якія прыехалі ў санктуарый. Сем’і разам удзельнічалі ў Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і ва ўрачыстай св. Імшы, якую праводзіў кс. дзекан Ян Пузына.
Просім у Бога веры для нашых бацькоў, каб, перамагаючы зло ў сваім жыцці, яны былі моцнымі асобамі і сапраўднымі вобразамі Бога Айца.