
Узнёслы настрой урачыстасці надавала прыгожае ўбранства катэдры – кветкі, галінкі бярозак, кампазіцыі з тканіны і кветак, якія нязменна густоўна робіць с. Арнольда. Моладзь, якая рыхтавалася прыняць сакрамант Святога Духа цягам двух гадоў, грунтоўна падышла і да арганізацыі ўсёй урачыстасці. Да прыняцця сакраманту канфірмацыі кандыдатаў рыхтаваў кс. Віталій Внароўскі, які апекаваўся вернікамі і падчас св. Імшы.
На пачатку літургіі пасля ўрачыстай працэсіі моладзь падышла да ксяндза біскупа Аляксандра, каб запаліць 7 свечак, якія сімвалізуюць 7 дароў Святога Духа, Якога ў хуткім часе меліся прыняць кандыдаты да сакраманту канфірмацыі. Казанне прамовіў кс. канонік Раман Катлімоўскі, прафесар ВДС у Гродне. Кс. Раман разважаў над перажываннем урачыстасці Спаслання Святога Духа і якім чынам кожны з нас павінен асабіста перажываць атрыманне Яго дару.
Пасля дыялогу з пробашчам кс. Янам Кучынскім, які меў на мэце праверыць падрыхтаванасць вернікаў да прыняцця сакраманту канфірмацыі, кс. біскуп Аляксандр намасціў кожнага кандыдата святым хрызмам.
Акрамя аргана, св. Імшу аздабляла прыгожая ігра на скрыпцы адной з маладых кандыдатак да сакраманту канфірмацыі.
Традыцыйна напрыканцы св. Імшы вернікі падзякавалі кс. біскупу Аляксандру за ўдзелены сакрамант, кс. пробашчу Яну і кс. Віталію за належную падрыхтоўку і духоўную апеку.
Цешыць, што падчас такіх урачыстасцей у гродзенскіх касцёлах збіраюцца шматлікія як маладыя, так і сталыя вернікі. У кожнай гродзенскай парафіі, дзе сёлета парафіяне атрымлівалі сакрамант канфірмацыі, дарослых было ледзь ці не болей за моладзь. Гэта сведчыць пра тое, што людзі, якія ў юнацтве не атрымлівалі патрэбнай катэхетычнай навукі, сёння цягнуцца да больш глыбокага перажывання веры. Здараецца, што акурат моладзь, якая рыхтуецца да прыняцця сакраманту канфірмацыі, прыводзіць за сабой у касцёл бацькоў, а нават і бабуль з дзядулямі, каб яны маглі атрымаць дар Святога Духа для ўмацавання веры, для духоўнага кіраўніцтва.