Skip to main content

Дары Святога Духа атрымалі вернікі парафіі Гродна-Паўднёвы

Сакрамант канфірмацыі кс. бп Аляксандр Кашкевіч удзяліў моладзі і дарослым з парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ у Гродне 14 мая. – Мы прагнем, каб дар Святога Духа, якога мы атрымаем, прыносіў плады ў нашым дарослым рэлігійным жыцці. Мы бачым, што сёння, калі нішчацца асновы рэлігійнага і маральнага жыцця, чалавек мусіць быць унутрана моцным, каб не паддацца гэтаму злу. Таму просім Яго Эксцэленцыю ўдзяліць нам сакрамант канфірмацыі, – звярнуліся на пачатку св. Імшы да ксяндза біскупа маладыя вернікі.

У гаміліі а. Аляксандр Мацкевіч закранаў тэму атрымання Святога Духа. Кім з’яўляецца Святы Дух? Найпрасцей можна сказаць, што гэта любоў, любоў Нябеснага Айца, любоў Езуса Хрыста. Любоў, якою Бог адорвае кожнага чалавека ад пачатку стварэння. Святы Дух спадарожнічаў вялікім людзям – прарокам, тым, хто абвяшчаў гэтую Божую любоў, хто навучаў, каб чалавек адказваў на гэтую любоў уласным жыццём. Гэты Святы Дух суправаджаў Езуса ў кожным Яго слове і ўчынку. І калі Ён памёр, Апосталы былі прыгнечаны і зламаны. Падавалася, што ўсе надзеі былі марныя. Але праз дакрананне да іх сэрцаў Святога Духа Апосталы напоўніліся незвычайнай радасцю і моцай, з якой пайшлі ў свет абвяшчаць Добрую Навіну.

Разважаючы над Святым Духам, мы павінны памятаць, як патрэбны гэты дар кожнаму чалавеку. Бо наша вера часам моцна выпрабоўваецца. Як часам цяжка ў жыцці кіравацца евангелічнымі каштоўнасцямі. Таму так важна адкрыць свае сэрцы на Святога Духа, каб Ён нас узмацніў, – казаў казнадзей.

Пасля ў цішыні святары прасілі ў малітве аб дары Святога Духа для прысутных вернікаў, якія чакалі ўдзялення ім сакраманту канфірмацыі, пасля чаго ксёндз біскуп кожнага намасціў святым хрызмам.

Напрыканцы св. Імшы пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ кс. Аляксандр Раманоўскі падзякаваў усім святарам за малітву ў інтэнцыі вернікаў, а ксяндзу Уладзіславу Сурвілу за падрыхтоўку кандыдатаў да канфірмацыі. Вернікі ў сваю чаргу склалі падзяку кс. біскупу Аляксандру за ўдзяленне сакраманту.

Штосьці падобнае было дзве тысячы гадоў таму на вячэры, калі Апосталы пасля спаслання Святога Духа выйшлі перамененыя, узмоцненыя, каб абвяшчаць Евангелле Хрыста на цэлы свет, – з гэтымі словамі звярнуўся кс. бп Аляксандр да вернікаў пасля ўдзялення сакраманту канфірмацыі. – Дарагая моладзь і дарослыя, можа, вокам людскім нічога не заўважна, але вачамі сэрца можна ўбачыць перамену, якая ў вас адбылася: адбыўся цуд, бо вы атрымалі дары Святога Духа.

Таксама ксёндз біскуп асвяціў памятныя крыжыкі для кожнага, хто атрымаў сакрамант канфірмацыі, каб яны нагадвалі аб гэтай важнай падзеі 14 мая.