Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Сёння ў нас апошняя нядзеля лета. Застаўся ў мінулым час заслужанага адпачынку, і вось мы з новымі сіламі, адноўленай энергіяй вяртаемся з водпускаў і канікул да звычайнага рытму працы, да выканання нашых звычайных штодзённых абавязкаў.
Заўтра 1 верасня, як штогод, ажывуць школы і гімназіі, ліцэі і каледжы, інстытуты і ўніверсітэты. Нашы дзеці і моладзь распачнуць новы навучальны год, які будзе часам сур’ёзнай, адказнай працы па засваенні ведаў і здабыцці практычных уменняў. У пераносным сэнсе можна сказаць, што вучоба ў школе ці іншай навучальнай установе – час закладвання фундаменту, на якім будзе ўзведзены будынак нашай агульнай будучыні. Бо ведамі, якія дзеці і моладзь здабываюць сёння, ужо ў недалёкай будучыні мы ўсе як грамадства будзем карыстацца.
Таму сёння, на парозе новага навучальнага года, ахопім малітвай як дзяцей і моладзь, так і ўсіх, на кім ляжыць адказнасць за інтэлектуальнае развіццё і ўсебаковае выхаванне маладога пакалення: настаўнікаў, выхаваўцаў і выкладчыкаў. Асаблівым чынам памолімся за бацькоў, каб яны з сапраўднай любоўю і шчырым клопатам не толькі падтрымлівалі сваіх дзяцей у працы здабыцця ведаў, але і давалі ім асабісты прыклад трываласці, працавітасці і адказнасці.
Хацеў бы ў гэты важны для ўсіх нас дзень нагадаць вам, дарагія бацькі, што працэс выхавання маладога пакалення – складаная з’ява, якую нельга звесці толькі да здабыцця ведаў у школе. Для нас, католікаў, надзвычай важна, каб дзеці па меры сталення і пашырэння ўласных інтэлектуальных гарызонтаў усё лепш пазнавалі
Божае слова і аб’яўленыя Богам праўды веры, усё больш свядома і з унутраным жаданнем удзельнічалі ў святой Імшы і іншых літургічных набажэнствах, паглыблялі сваё малітоўнае жыццё і з належным разуменнем прыступалі да святых сакрамэнтаў.
Для дзіцяці было б вялікай крыўдай, калі б, растучы і ўсё лепш пазнаючы навакольны свет, а таксама законы, якія гэтым светам кіруюць, яно б адначасова валодала толькі базавымі, вельмі абмежаванымі ведамі ў справах веры ці ўвогуле заставалася духоўным невукам. Спытаемся ў сябе: ці дастаткова такіх павярхоўных, на ўзроўні маленькага дзіцяці, рэлігійных ведаў для маладога чалавека, каб перад абліччам іншых светапоглядаў, якія падрываюць асновы веры, традыцыі ці прынцыпы хрысціянскай маралі, ён застаўся верным Хрысту? Ці заспакояць некалькі памятных з дзяцінства асноўных катэхізісных праўдаў яго ўласныя разважанні і пошукі сэнсу жыцця, ці дапамогуць знайсці адказ на пытанні і дылемы, якія яго турбуюць?
Няма сумнення, што вы, дарагія бацькі, з’яўляецеся першымі і найважнейшымі катэхетамі для сваіх дзяцей. Бацькоўскае выхаванне ў веры пачынаецца ўжо ў раннім дзцінстве, калі члены сям’і ставяцца да сваёй штодзённасці ў духу веры: разам моляцца, удзельнічаюць у нядзельнай святой Імшы, прыступаюць да сакрамэнтаў, абмяркоўваюць дома справы, звязаныя з верай і хрысціянскім жыццём. Як чытаем мы ў апостальскай адгартацыі Catechesi Tradendae Яна Паўла II, “катэхетычная дзейнасць у сям’і мае вельмі асаблівы характар, які нішто ніякім чынам не можа замяніць і які вельмі слушна падкрэслівае Касцёл, асабліва праз Другі Ватыканскі Сабор. […] Такім чынам, сямейная катэхізацыя папярэджвае ўсялякую іншую форму катэхізацыі, спадарожнічае ёй і пашырае яе” (CT, 68).
Сістэматычная катэхізацыя, арганізаваная пры парафіі, ні ў якой меры не замяняе гэтай сямейнай катэхізацыі і не вызваляе бацькоў ад абавязку рэлігійнага выхавання сваіх дзяцей словам і асабістым прыкладам жыцця. Парафіяльная катэхізацыя дапаўняе выхаванне ў веры, якое здзяйсняецца ў сям’і, бо яна, прадстаўляючы вучням праўды веры сістэматычным і цэласным чынам, паводле ўстаноўленых праграм, імкнецца да двайной мэты: “прывесці да сталасці веру, ужо народжаную ў душы, і выхаваць сапраўднага вучня Хрыста праз паглыбленае і больш упарадкаванае знаёмства з Асобай і вучэннем Хрыста, нашага Пана” (CT, 19).
Нагадваю вам, дарагія бацькі, што клопат аб тым, каб вашы дзеці наведвалі парафіяльныя катэхетычныя заняткі на працягу ўсяго часу вучобы ў школе, – адзін з найважнейшых абавязкаў перад Богам і Касцёлам. Невыкананне гэтага абавязку – сур’ёзная маральная правіна. Ведаю, што дзеці звычайна вельмі абцяжараны вучобай у школе, пры гэтым часта наведваюць дадатковыя пазашкольныя заняткі, гурткі, займаюцца спортам, вучацца танцам, музыцы, маляванню ці развіваюць іншыя таленты. Усё гэта, якім бы патрэбным і годным пахвалы яно ні было, не можа быць для нас, хрысціян, важнейшым за рэлігійнае выхаванне дзяцей.
Памятайце словы Хрыста: “Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а […] усё дадасца вам” (Мц 6, 33). Прыкладам поўнага даверу Богу ў здзяйсненні выбару і прыняцці рашэнняў няхай будзе святы апостал Павел, які пісаў пра сябе: “Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Езуса Хрыста, майго Пана” (Флп 3, 7-8).
Дарагія катэхеты! Звяртаю сёння да вас словы найвышэйшага ўхвалення і шчырай удзячнасці за вашу штодзённую працу выхавання маладога пакалення ў веры. Місія, даручаная вам Касцёлам, высакародная і ганаровая, але не належыць да лёгкіх. Яна патрабуе вялікай асабістай адданасці, руплівасці, працавітасці і крэатыўнасці, грунтоўных ведаў, глыбокай веры і нястомнага самаўдасканалення. Ад уласнага імя і ад імя ўсёй супольнасці нашага дыяцэзіяльнага Касцёла дзякую вам за тое, што з адданасцю і ахвярнасцю рэалізуеце сваё пасланніцтва. Няхай добры Бог шчодра благаславіць вас у новым катэхетычным годзе, які распачынаецца.
На заканчэнне звяртаюся да вас, умілаваныя дзеці і дарагая моладзь. Перад вамі чарговы год не толькі здабыцця навуковых ведаў, але найперш асабістага ўзрастання ў веры і цнотах, выспявання ва ўласнай чалавечнасці і паглыблення адносін з бліжнімі. Кажучы мовай Евангелля, вы павінны рабіць крокі наперад “у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей” (пар. Лк 2, 52). Жадаю, каб у штодзённай працы вам шчодра спадарожнічалі Божае благаслаўленне, святло Духа Святога, матчына апека Найсвяцейшай Панны Марыі, надзейнае заступніцтва святога Станіслава Косткі і вашых святых апекуноў. Будзьце стараннымі і працавітымі, адказнымі і сумленнымі, адкрытымі на праўду, дабро і прыгажосць. Слухайце сваіх бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў і выхаваўцаў, няхай вашы сэрцы будуць чулымі да бліжніх і да голасу ўласнага сумлення.
Няхай пуцяводным святлом будуць для вас словы, з якімі Папа Леў XIV звярнуўся да ўдзельнікаў сёлетніх Сусветных дзён моладзі ў Рыме: “Паўната нашага жыцця не залежыць ад таго, што мы назапашваем, ці […] таго, чым валодаем. Яна хутчэй звязана з тым, што мы здольныя з радасцю прыняць і раздзяліць з іншымі. […] Нам трэба падняць вочы, зірнуць уверх, на “тое, што ў вышынях”, каб усвядоміць, што ўсё – сярод рэчаіснасці свету – мае сэнс настолькі, наколькі служыць яднанню нас з Богам і з братамі ў любові, развіваючы ў нас “шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць”, прабачэнне, мір – на ўзор Хрыста. […]
Дарагая моладзь, наша надзея – Езус. […] Давайце ж падтрымліваць з Ім цесную сувязь, прабываць у Яго любові, заўсёды, развіваючы гэтую сувязь праз малітву, адарацыю, святую Камунію, частую споведзь, шчодрую любоў […]. Імкніцеся да вышэйшага, да святасці, дзе б вы ні былі. Не задавольвайцеся чымсьці меншым. Тады вы кожны дзень будзеце бачыць, як узрастае ў вас і вакол вас святло Евангелля. […] Шчаслівай дарогі!”
На новы навучальны і катэхетычны год усім вам, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, ад усяго сэрца ўдзяляю пастырскае благаслаўленне.
Ваш біскуп Уладзімір
Гродна, 18.08.2025
Шаноўных пробашчаў прашу прачытаць вернікам гэты пастырскі ліст у нядзелю 31.08.2025 г. на кожнай святой Імшы замест гаміліі.