Skip to main content

Вернікі воранаўскай парафіі развіталіся з кс. Анджэем Вітэкам

woronowo 2

24 жніўня ў парафіі святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (Радунскі дэканат) развіталіся з кс. Анджэем Вітэкам SAC, падзякаваўшы яму за шматгадовае служэнне.

Ксёндз Анджэй, які служыў у Беларусі 34 гады і быў пробашчам гэтай парафіі, ад’язджае ў Польшчу па рашэнні кіраўніцтва Таварыства Каталіцкага Апостальства, да якога ён належыць. Цяпер ён будзе капеланам шпіталя ў Шчэціне.

Святарскі шлях ён пачынаў у Беняконях, служыў у Германішках і Тракелях. Па яго ініцыятыве ў 1993 годзе адбылася першая пешая пілігрымка з Воранава ў Тракелі да абраза Маці Божай. Апошнія дваццаць гадоў ён служыў у Воранаве, быў дырэктарам філіяла дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas”, клапоцячыся як аб каталіцкіх сем’ях, так і аб людзях іншых веравызнанняў. У 2016 годзе яго намаганнямі мясцовы касцёл набыў статус санктуарыя Радунскага дэканату. Шмат намаганняў святар прыклаў для прывядзення касцёла і навакольнай тэрыторыі ў парадак, за што парафіяне ўдзячныя яму.

“Вернікі вельмі ўдзячныя ксяндзу Анджэю за яго служэнне, за добрае сэрца і здольнасць заўважыць кожнага”, – паведамляюць нам.

Святар сказаў, што Беларусь стала для яго другім домам і таму ён заўсёды будзе вяртацца сюды думкамі і сэрцам. Таксама ён абяцаў малітву ўдзячнасці за ўсіх, каго сустрэў у Беларусі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі