Skip to main content

У Навагрудку прайшоў агульнабеларускі семінар для служыцеляў курса “Альфа”

alfa 6

З 22 па 24 жніўня ў Навагрудку адбыўся агульнабеларускі малітоўны семінар-канферэнцыя для служыцеляў евангелізацыйнага курса “Альфа”. Семінар праходзіў пад назвай “Камунікацыя ў любові”, быў прысвечаны таму, як правільна будаваць і фарміраваць каманду служыцеляў курса дзеля больш плённага служэння і выканання місіі Паўсюднага Касцёла ў справе новай евангелізацыі.

“Курс “Альфа”, адзін з метадаў новай евангелізацыі, прыносіць добрыя плады ў паасобных парафіяльных супольнасцях Касцёла ў нашай краіне, – паведамляе Арцём Сафарэвіч. – Усё больш і больш вернікаў вырашаюць прысвяціць свой час і сілы справе служэння Хрысту і Яго Касцёлу. Служыцелі гэтага курса – адны з найбольш актыўных вернікаў пры сваіх парафіях, падтрымка і апора для пробашчаў парафій”.

Семінар сабраў каля 100 чалавек з парафій Гродна, Навагрудка, Крупак і Мінска. Распачалося мерапрыемства супольнай малітвай. Праграма другога дня ўключала чатыры лекцыі, спалучаныя з дзяленнем вопытам будавання каманды служыцеляў курса і з асабістымі сведчаннямі. Лекцыі праводзілі служыцелі курса з Навагрудка.

alfa 1

Кульмінацыяй мерапрыемства былі святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з заступніцкай малітвай. Гамілію на Імшы прамовіў духоўны кіраўнік курса “Альфа” ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі кс. канонік Антоній Грэмза. Святар адзначыў, што слова “Альфа” азначае “першае, тое, што дае пачатак”, паўжартам дадаў, што курс “Альфа” – “духоўны спецназ”, “моцны сродак сучаснай новай евангелізацыі на нашай зямлі”. Акрамя таго, святар заўважыў, што “Альфа” ўжо “не столькі курс, колькі супольнасць, сям’я, якая пастаянна павінна адкрываць Божае сыноўства і для якой найгалоўнейшы арыенцір – служэнне ў любові, ажно да ўзаемнага абмывання ног, прыклад чаго даў сам Хрыстус”. “Задача і прывілея кожнага служыцеля акрэсліваецца асабістым сведчаннем веры”, – сказаў ксёндз Антоній.

У апошні дзень семінара былі падведзены вынікі і вызначаны некаторыя планы сумеснага супрацоўніцтва. Завяршылася мерапрыемства Імшой, у якой удзельнічалі таксама навагрудскія вернікі.

На дадзены момант курс “Альфа” праводзіцца ў Віцебску, Шуміліне, Глыбокім, Крупках, Навагрудку, Гродне і Мінску, восенню ён распачнецца пры парафіях у гэтых населеных пунктах. На сустрэчы курса запрашаюцца тыя, хто шукае сэнсу, духоўнай падтрымкі, хоча глыбей пазнаць Божае слова, а таксама марыць служыць Хрысту і Яго Касцёлу.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі