Skip to main content

Гродзенскія біскупы ўзялі ўдзел ва ўрачыстасцях у Браславе

braslau 10

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч удзельнічалі ў адпустовых урачыстасцях, якія адбыліся 22-23 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (Віцебская дыяцэзія).

Сёлета ўрачыстасці праходзілі пад дэвізам “З Марыяй да Бога — шлях надзеі”, на іх сабраліся вернікі з розных месцаў Беларусі, у тым ліку з Гродзеншчыны. У прыватнасці, вернікі з Гудагая здзейснілі ў Браслаў пілігрымку на роварах.

Біскуп Уладзімір Гуляй узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якой распачаліся ўрачыстасці. Па традыцыі на гэтай літургіі вернікам Віцебскай дыяцэзіі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.

“Кожны, хто хоць раз быў тут, адчувае, што сюды хочацца вяртацца, бо тут прысутнічае Маці, – сказаў біскуп Гродзенскі ў гаміліі. – Як дзеці заўсёды вяртаюцца дадому, каб адчуць бяспеку і любоў, так і мы прыходзім сюды, каб даверыць Марыі нашы клопаты і радасці. Гэта месца – духоўны аазіс, дзе можна спыніцца, адпачыць, набраць сілы, аднавіць надзею. Мы ўсе прыйшлі сюды, каб пакланіцца Марыі, каб Яна зноў паказала нам на свайго Сына: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2, 5). Мы з дзіцячай пяшчотай называем нашу Матулю Валадаркай азёраў. Вада азёраў адлюстроўвае неба, і гэтак жа Марыя, чыстае люстэрка Божай прыгажосці, вядзе нас да Сына”.

Кажучы пра дэвіз браслаўскіх урачыстасцяў, “З Марыяй да Бога — шлях надзеі”, біскуп адзначыў, што гэта “не толькі прыгожыя словы, гэта праграма жыцця, гэта дарога, якую мы павінны прайсці”: “Старажытныя маракі арыентаваліся па зорках, каб не згубіць шлях у моры. Для хрысціяніна такой зоркай з’яўляецца Марыя. Калі жыццёвыя хвалі кінуць нас у бок, калі здарыцца шторм сумненняў ці страху — мы глядзім на Марыю, і Яна вядзе да Бога”.

braslau 20

“Калі ў Кане Галілейскай Марыя прамовіла: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2, 5), Яна паказала нам ключ ад надзеі: слухаць Езуса і давяраць Яму нават тады, калі мы раптам зразумелі, што нам “не хапае віна”, калі бракуе сіл, радасці, сэнсу. Надзея — гэта не наіўны аптымізм, а памяць аб Божай вернасці і адвага ісці за Хрыстом, калі нават дарога праходзіць праз пустыню”, – патлумачыў біскуп.

“Юбілейны год вучыць нас: хрысціянін — гэта чалавек у дарозе, – нагадаў іерарх, маючы на ўвазе дэвіз “Пілігрымы надзеі”, пад якім Юбілейны 2025 год праходзіць у Каталіцкім Касцёле. – Мы не стаім на месцы. Мы выходзім са страху да свабоды, з абыякавасці да любові, з замкнёнасці да місіі. Пілігрым ідзе не адзін: ідзе з братамі і сёстрамі, з Касцёлам, з Марыяй. Ідзе, трымаючы ў руках ружанец, у сэрцы — Божае слова, у вачах яго — бліжні, які чакае нас”.

Звяртаючыся да тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, біскуп сказаў: “Дух Святы, якога вы сёння атрымліваеце ў гэтым сакрамэнце, прыходзіць, каб перамяніць вас, каб вы сталі новымі людзьмі”. Іерарх падкрэсліў, што сем дароў Святога Духа, якія даюцца чалавеку ў канфірмацыі, прызначаны для таго, “каб будаваць Касцёл, будаваць ваша жыццё, будаваць дабро ў свеце”. “Гэты сакрамэнт – пачатак вашай асабістай місіі ў Касцёле, – адзначыў біскуп. – Праз канфірмацыю вы становіцеся сталымі членамі Касцёла, не толькі пасіўнымі ўдзельнікамі, але адказнымі вучнямі”.

“Будзьце апосталамі надзеі. Бо надзея — гэта мова, якую разумеюць усе. Нават няверуючы гаворыць на гэтай мове, калі бачыць у нас спакой, дабрыню і перакананасць, што Бог сапраўды жыве”, – сказаў іерарх. Па яго словах, надзея “павінна мець канкрэтнае аблічча”: “у сем’ях — праз узаемнае прабачэнне, малітву, адкрытасць на жыццё; у моладзі — праз чыстасць сэрца, адказнасць, адвагу сведчыць; у нашай Айчыне — праз павагу да годнасці кожнага чалавека, праўду і салідарнасць, клопат пра слабых, хворых, старэйшых”.

braslau 21

“Марыя, Маці надзеі, вучыць нас прымаць Божыя абяцанні, разважаць над імі і служыць ціхай, але моцнай любоўю, – дадаў біскуп. – Марыя вучыць нас слухаць, як у Назарэце, і служыць, як у Кане і ў Альжбеты. Слухаць — гэта значыць даваць Богу апошняе слова ў маім жыцці. Служыць — гэта значыць заўважаць патрэбу і дзейнічаць. Тут, у Браславе, Яна — Валадарка азёраў. Азёры — гэта не толькі прыгажосць, гэта таксама глыбіня. Марыя кліча нас на глыбіню веры: не жыць на прыбярэжжы, не задавальняцца дробязямі, а “кінуць сеткі” туды, дзе нас чакае Езус”.

Біскуп заахвоціў удзельнікаў браслаўскіх урачыстасцяў узяць з сабою з гэтых святкаванняў тры пастановы: здзяйсняць штодзённую малітву — “хаця б кароткую, але верную”; удзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі — “не “калі атрымаецца”, а так, каб гэта было як дыханне”; рабіць учынак любові штотыдзень — “канкрэтны, для канкрэтнага чалавека”.

Кульмінацыяй урачыстасцяў стала Імша, якую цэлебраваў 23 жніўня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа з удзелам іншых біскупаў, у тым ліку гродзенскіх.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Аляксандра Шчыглінская, Ірына Гайдамовіч