Skip to main content

У гродзенскую семінарыю па выніках уступнага экзамену залічаны новыя студэнты

exzamen 10

12 жніўня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў уступны экзамен.

Напярэдадні ў семінарыі адбыліся падача дакументаў і кваліфікацыйныя размовы, потым абітурыенты ўдзельнічалі ў святой Імшы, мелі магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць.

Непасрэдна папярэднічалі экзамену Ютрань і святая Імша ў капліцы семінарыі, якую цэлебраваў яе рэктар кс. канонік Віталь Вайцяхоўскі. Перад экзаменам да абітурыентаў звярнуўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, заахвоціўшы іх даверыць усё Богу, прасіць у Яго дапамогі і супрацоўнічаць з Ім у справе свайго паклікання.

Экзамен складаўся з дзвюх частак – тэсту і сачынення-эсэ. У першай частцы трэба было паказаць свае веды ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, жыцці паўсюднага Касцёла і Касцёла на Беларусі, у другой – паразважаць на духоўныя тэмы адносна паклікання, ролі Бібліі ў жыцці хрысціяніна і таго, як дасягнуць святасці, беручы прыклад са святых.

Экзамен прымала камісія ў наступным складзе:

біскуп Уладзімір Гуляй, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі – старшыня камісіі;

ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі, рэктар семінарыі;

ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект семінарыі;

ксёндз Павел Скуба, куратар прапедэўтычнага перыяду ў семінарыі.

Пасля нарады экзаменацыйная камісія паведаміла, што новымі студэнтамі сталі:

Аляксандр Блашкевіч (Гродзенская дыяцэзія, парафія св. Юрыя ў Варнянах);

Яўгеній Бялы (Гродзенская дыяцэзія, парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы);

Эміль Вялічка (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску);

Ягор Ленец (Гродзенская дыяцэзія, парафія св. Піо ў Гродне);

Раман Манулік (Гродзенская дыяцэзія, парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі);

Аляксандр Плавін (Пінская дыяцэзія, парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі);

Андрэй Рабкоўскі (Віцебская дыяцэзія, парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім);

Віктар Салдаценка (Гродзенская дыяцэзія, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне);

Антон Фядкевіч (Гродзенская дыяцэзія, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне);

Пётр Шацілаў (Гродзенская дыяцэзія, парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне);

Уладзіслаў Штылеўскі (Пінская дыяцэзія, парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі).

exzamen 12

Пасля абвяшчэння вынікаў экзамену новыя студэнты разам з біскупам Гродзенскім у капліцы семінарыі падзякавалі Богу ў малітве. Біскуп удзяліў ім благаслаўленне на вяртанне з семінарыі, быў зроблены супольны фотаздымак.

Такім чынам, у навучальным годзе, які пачнецца 2 верасня, падрыхтоўку да святарства ў семінарыі распачнуць адзінаццаць новых студэнтаў. Кіраўніцтва семінарыі просіць людзей добрай волі маліцца ў іх інтэнцыі, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі