У нядзелю 3 жніўня ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адзначылі Дзень чыгуначніка. Ён займае ў жыцці гэтай супольнасці асаблівае месца, бо менавіта чыгуначнікі стаялі каля яе вытокаў: сто гадоў таму яны арганізавалі парафію.
У парафіі выказвалася падзяка Богу за дар працы, за ўсіх чыгуначнікаў і іх сем’і.
Адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая распачалася словамі: “Усемагутны і міласэрны Божа, у гэты ўрачысты дзень, калі мы адзначаем прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка, схіляем свае сэрцы перад Табой у маўклівай малітве і падзяцы”.
Гучалі словы малітвы ад чыгуначнікаў за чыгуначнікаў — за тых, хто здзяйсняе гэтую працу сёння, і за тых, хто адышоў у вечнасць. Асаблівая малітоўная просьба была выказана Маці Божай, якой даручылі ўсіх, хто штодня выходзіць у дарогу: “О Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Езуса і Маці Касцёла, у ціхасці гэтай адарацыі мы звяртаемся да Цябе, поўныя даверу і надзеі”.
Таксама вернікі падзякавалі святому Станіславу Костку, апекуну парафіі, “за ўсе атрыманыя ласкі, за нястомную апеку і дапамогу ў жыцці і працы”.
Асобная малітва была звернута да святой Кацярыны Александрыйскай, апякункі чыгуначнікаў, абраз якой змешчаны ў касцёле. “Ахоўвай усіх працаўнікоў чыгункі, даруй ім вытрываласць у штодзённай працы, увагу і бяспеку на дарогах, а іх сем’ям — спакой, любоў і згоду”, – з такімі словамі звярнуліся да святой.
Малітвы чаргаваліся з рэлігійнымі песнямі, і гэта, як паведамляюць нам, стварала “атмасферу супакою, удзячнасці і прысутнасці Бога”.
Пробашч парафіі кс. Аляксандр Раманоўскі ў гаміліі на святой Імшы адзначыў: “Прафесія чыгуначніка — гэта вялікая адказнасць і нялёгкая праца. Але калі на першым месцы ў жыцці — Бог, калі маеш такіх апекуноў, як святы Станіслаў Костка і святая Кацярына Александрыйская, — усе цяжкасці будуць пераадолены”.
Святкаванне завяршылася ўрачыстай эўхарыстычнай працэсіяй і благаслаўленнем Насвяцейшым Сакрамэнтам, якое было ўдзелена ўсім прысутным.
Нам паведамляецца: “У гэты дзень ваўкавыскі касцёл ізноў стаў месцам, дзе малітва злучыла гісторыю, працу і веру. А чыгуначнікі атрымалі не толькі віншаванні, але і духоўнае пацвярджэнне: іх праца мае каштоўнасць не толькі для людзей, але і перад Богам”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі