Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень восьмы

8den 3

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пілігрымуе на святкаванне Юбілею моладзі, якое праходзіць у Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень восьмы, 1 жніўня 2025 г.

Гэты дзень стаў бясконца доўгім. З раніцы мы, жадаючы абнаявіць купоны, паехалі ў піцэрыю ля суседняй станцыі метро. Мы прыехалі да 7.30, але, нягледзячы на ўказаныя ў даведніку гадзіны працы, піцэрыя была зачынена... Давялося задаволіцца гарбатай.

***

Цяпер збіраемся і едзем у Асізі.

Гэта неверагодны горад! Весь з ружовага каменю, з вузкімі вулачкамі і кветкамі ля дзвярэй. І, нягледзячы на тое, што людзей там шмат, атмасфера вельмі малітоўная. У сэрцы нараджаецца спакой і мір. Не хочацца нікуды спяшацца, а проста гуляць, думаць аб тым, што важнае, цешыцца прыгажосцю вакол, праслаўляць Створцу…

***

Мы наведваем базыліку св. Клары, бачым яе рэліквіі, знаходзім крыж, з якога Хрыстус звярнуўся да святога Францішка, каб той адбудаваў Яго касцёл.

Потым мы рушым да базылікі св. Францішка, каб ушанаваць і яго рэліквіі. Там жа мы любуемся фрэскамі ХIV стагоддзя італьянскага жывапісца Джотта.

***

У нас яшчэ застаецца час, і мы проста гуляем па ўзгорыстых вулачках, цешачыся прыгажосцю вакол. Паколькі на вуліцы спякотна, мы вырашаем перакусіць марожанкай. Па дарозе заўважаем нашых пілігрымаў у мясцовым рэстаранчыку, а значыць, прагаладаліся не толькі мы.

8den 1

***

Пакуль мы чакаем аўтобуса на паркоўцы, адна пара просіць дазволу на хвілінку адысці – як мы думаем, сфатаграфавацца на фоне неверагоднага пейзажу, – а вяртаецца з пярсцёнкамі на пальцах: хлопец зрабіў сваёй дзяўчыне прапанову, і яна згадзілася!

Вось такую радасць нам давялося раздзяліць з гэтымі людзьмі!!!

***

Вярнуўшыся з Асізі, мы стараемся хутка прывесці сябе ў парадак і зноў выпраўляемся ў шлях, праўда, не надта далёкі – за ежай у бліжэйшую піцэрыю.

Там нас чакае сюрпрыз: вялікая італьянская сям’я святкуе саракагоддзе кагосьці з удзельнікаў вечарынкі. Музыка на ўсю катушку, танцуюць нават працаўнікі піцэрыі, не кажучы пра гасцей.

Пакуль мы робім замову, яны ўцягваюць нас у свой танец, а калі сыходзім, машуць нам, быццам мы ўжо частка іх сям’і, – цёпла і заўзята, з шырокімі добрымі ўсмешкамі на тварах.

8den 2

***

Падыходзячы да месца начлегу, мы чуем, як спявае беларуская моладзь напераменку з нашымі суседзямі: калумбійцамі, іспанцамі і партугальцамі. Былі і танцы.

Думаю, гэты вечар можна смела назваць вечарам паяднання, бо мы змаглі быць разам, не ведаючы моваў адзін аднаго. Было незвычайна, весела, шумна, цікава было дзяліцца кавалачкам сваёй культуры з іншымі народамі, у той жа час чэрпаючы з багацця іх традыцый.

***

Разыходзімся позна. Кладземся спаць у прадчуванні заўтрашняга дня – у нейкай ступені апошняга дня нашых прыгодаў у Рыме. Заўтра нас чакае збор чамаданаў і падрыхтоўка да Тор Вергата – сустрэчы з Папам і начнога чування…

Вікторыя Сідар