Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічала ў пілігрымцы на святкаванне Юбілею моладзі, якое праходзіла ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.
Дзень дзясяты, 3 жніўня 2025 г.
Добрай, добрай, добрай раніцы! Неверагодна, але на Тор Вергата мы, здаецца, паспалі больш гадзін, чым дзесьці яшчэ на працягу гэтай паездкі!
Мы прачнуліся на досвітку, і ў нас быў час апамятацца і пабыць з сабой.
***
Ноччу на нас нечакана паімжэў дожджык. Калі шчыра, я спужалася. Бо сядзець ноччу на полі, калі лье дождж, зусім нявесела. Але, на шчасце, усё гэта доўжылася ўсяго пару хвілін і мы нават асабліва не прамоклі. Накрыліся плашчамі і зноў заснулі.
***
Перад Імшой Папа, які прыляцеў на Тор Вергата на верталёце, зноў праехаў паміж шэрагамі пілігрымаў, парадаваўшы моладзь сваім прывітаннем.
Набажэнства праходзіла ў прыўзнятым, урачыстым настроі. Больш за мільён удзельнікаў, каля дзвюх тысяч прэзбітэраў і 450 біскупаў сабралося на гэтую падзею – лічбы сапраўды неверагодныя.
***
У гаміліі, з якой Папа звярнуўся да моладзі, ён падкрэсліў, што гэта нармальна, калі мы адчуваем нясытасць, смагу, незадаволенасць. Гэта не значыць, што мы хворыя, гэта значыць, што мы жывыя! Немагчыма запоўніць пустату, якая нараджаецца ўнутры нас, пакупаючы і назапашваючы розныя рэчы. Гэта ніколі не зробіць нас шчаслівымі. Дапамогі трэба шукаць у Хрыста, які з’яўляецца крыніцай надзеі.
***
Яшчэ Папа заўважыў, што наша крохкасць – частка таго цуду, якім мы з’яўляемся. Як трава на лузе, якая так лёгка і хутка адцвітае, даючы месца іншай, але пры гэтым становячыся ўгнаеннем для наступных раслін, так і мы. Нават калі ў нас не ўсё атрымліваецца, наш удзел можа быць такім угнаеннем, дапамогай для іншага чалавека. Мы створаны не для такога жыцця, у якім усё відавочна і нязменна, а для такога, якое няспынна адраджаецца ў дары, у любові.
***
Пасля Імшы мы накіраваліся да аўтобусаў – нас суправаджала гарачае, сляпучае рымскае сонца і сотні іншых груп. Трымацца разам было немагчыма, але ўсе мы бачылі наперадзе сцяг, за якім імкнуліся ў поўным даверы.
***
З радасцю хачу сказаць, што італьянцы вялікія малайцы. Арганізацыя такой маштабнай падзеі сапраўды была на ўзроўні. Праўда, і нам вельмі пашанцавала, што нашы аўтобусы прыехалі да самага метро і не трэба было забірацца ў перапоўненае падзямелле, каб дабрацца да месца начлегу.
***
Зараз мы едзем у аўтобусе, і ўсе настолькі стаміліся, што ў асноўным спяць, прачынаюцца і зноў засынаюць.
Не верыцца, што вось ён – канец – і мы вяртаемся дадому.
Радасна, што самае цяжкае мінула, сумна, што ўсё ўжо заканчваецца…
Час, які спачатку цягнуўся і памножыўся, у выніку зноў састроіў фокус і скончыўся абсалютна нечакана…
Вікторыя Сідар