Skip to main content

Падзяка біскупа Гродзенскага пасля завяршэння Юбілею моладзі ў Рыме

rimbp 2

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, адказны пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за душпастырства моладзі, прысутнічаў на Юбілеі моладзі, які праходзіў у Рыме. Пасля завяршэння гэтай сустрэчы біскуп выказвае падзяку ўсім, хто прадстаўляў на ёй Касцёл у Беларусі, і ўсім, хто садзейнічаў удзелу беларусаў у ёй.

Дарагія браты ў святарстве, дыяканы, кансэкраваныя асобы, семінарысты, дарагая моладзь, сябры!

З глыбіні майго біскупскага сэрца выказваю шчырую падзяку кожнаму і кожнай з вас за ўдзел у Юбілейнай сустрэчы моладзі ў Рыме, якая адбылася з 28 ліпеня па 3 жніўня 2025 года, за малітву, падтрымку і адкрытасць сэрцаў падчас гэтай сустрэчы.

Як адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі хачу асабліва падзякаваць усім, хто дапамог моладзі нашай краіны адгукнуцца на Божы заклік — стаць пілігрымамі надзеі.

rimbp 1

Дзякую дарагім біскупам за падтрымку і благаслаўленне, прэзбітэрам і дыяканам — за суправаджэнне, сведчанне і служэнне, законным сёстрам — за малітву і матчынае сэрца, іншым кансэкраваным асобам — за духоўную моц і надзею, а таксама — з вялікай радасцю — дзякую студэнтам семінарыі ў Гродне, якія разам з іншай моладдзю сведчылі пра жывое сэрца Касцёла і пра гатоўнасць служыць Богу і людзям.

Асаблівая падзяка вам, дарагія юнакі і дзяўчаты, якія з запалам, верай і гатоўнасцю прадстаўлялі Беларусь у сэрцы Паўсюднага Касцёла. Вашае сведчанне — гэта надзея на будучыню. Дзякую за вашу малітву, радасць, сведчанне еднасці з Папам і моладдзю з усяго свету.

Памятаю і пра ўсіх людзей добрай волі, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы паездкі на гэтую сустрэчу і суправаджэнні ўдзельнікаў, ахвяроўвалі час, сілы, сродкі, каб зрабіць гэтае падарожжа магчымым.

rimbp 3

Дзякуй вам за кожны крок, за кожную малітву, за кожнае «так», сказанае Богу.

Няхай Пан шчодра ўзнагародзіць усіх, хто адкрыў сэрца, каб служыць моладзі і Касцёлу!

Няхай ваша вера будзе моцнай, надзея — жывой, а любоў — дзейснай!

З любоўю і благаслаўленнем,

Ваш біскуп Гродзенскі Уладзімір

Адказны за душпастырства моладзі пры ККББ