Skip to main content

Апостальскі нунцый на ўрачыстасцях у Тракелях: “Гэты санктуарый – школа, дзе мы вучымся любіць”

galounaja trokeli 19

12 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях завяршыліся святой Імшой з удзелам некалькіх тысяч чалавек штогадовыя дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці, якія працягваліся два дні.

Цэлебраваў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй – на чале з ім дыяцэзіяльныя тракельскія ўрачыстасці праходзілі сёлета ўпершыню. У цэлебрацыі ўдзельнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, некалькі дзясяткаў прэзбітэраў розных беларускіх дыяцэзій. Прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Аленай Ганевіч.

galounaja trokeli 18

Біскуп Гродзенскі прывітаў прысутных, у тым ліку Апостальскага нунцыя, які нядаўна прыбыў у Беларусь. Першым візітам нунцыя ў Гродзенскую дыяцэзію быў візіт менавіта ў тракельскі санктуарый, куды ён завітаў у гэты дзень. Біскуп назваў гэта “вельмі прыгожым знакам”, дадаўшы: “Мы жадаем даручыць місію, якую Ваша Эксцэленцыя выконвае ў нашай краіне, мацярынскаму заступніцтву Марыі. Няхай яна будзе эфектыўнaй і плённaй”.

Акрамя таго, біскуп заклікаў прысутных даручыць Богу праз заступніцтва Панны Марыі Папу Льва XIV і паўсюдны Касцёл, a таксама маліцца за беларускія сем’і, каб яны былі “сапраўдным хатнім Касцёлам, школай веры, надзеі і любові, месцам перадачы хрысціянскай традыцыі і нязменных чалавечых каштоўнасцяў”, каб у іх “панавала атмасфера веры, спрыяльная для нараджэння новых святых пакліканняў да служэння Богу ў святарскім, манаскім і місіянерскім жыцці”.

Нунцый перадаў прысутным прывітанне і благаслаўленне Папы. Кажучы ў гаміліі пра тракельскі санктуарый, арцыбіскуп адзначыў, што гэтая святыня, чыя гісторыя сягае XV стагоддзя, была “сведкай шляху веры пакаленняў” і што там “пад поўным любові позіркам Маці Божай знаходзілі суцяшэнне ў болю, сілу ў часы выпрабаванняў і надзею, каб рухацца наперад”. Тракельскі абраз ён назваў “жывым знакам пяшчоты Бога, які прамаўляе да нашых сэрцаў праз Марыю”.

Нунцый прапанаваў пілігрымам, якія прыбылі на ўрачыстасці, падумаць, які сэнс іх пілігрымкі і што яны прынясуць з сабой дадому. “Пан Бог задаволены табою, калі ты робіш са свайго жыцця святыню, калі твая радасць становіцца сведчаннем, любоўю і міласэрнасцю да бліжняга, брата, які стаіць побач з табой, да кожнага чалавека ў патрэбе, – падкрэсліў арцыбіскуп. – Ці будзем мы носьбітамі Божай прысутнасці ў нашых сем’ях, нашых супольнасцях, на месцах працы?” Іерарх дадаў, што “Богу падабаецца вера ўцелаўлёная, жывая, місійная, якая праяўляецца ў сведчанні любові, справах міласэрнасці, у імкненні да прымірэння, у абароне жыцця, дапамозе бедным”.

“У гэтым санктуарыі мы былі ўмацаваныя, і цяпер пачынаецца сапраўднае падарожжа. Гэтае святое месца – не прытулак, дзе можна спыніцца ці схавацца, а школа, дзе мы вучымся любіць; крыніца, дзе мы спатольваем смагу і дзе таксама вучымся наталяць смагу іншых, – заўважыў арцыбіскуп. – Марыі не патрэбныя вернікі, якія будуць пабожнымі толькі на словах. Ёй патрэбныя вучні. Вучні, якія, як і Яна, жывуць, спяваючы Magnificat сваім жыццём: “Велічае душа мая Пана, <…> бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі”.

Таксама нунцый звярнуў увагу на тое, што Касцёлу на сваім шляху важна ўсведамляць, што ён “адзінае цела, натхнёнае Духам”. “Гэтая камунія, або еднасць, павінна праяўляцца ў канкрэтных братэрскіх адносінах: паміж вернікамі і святарамі, паміж святарамі і біскупамі, а таксама паміж біскупамі і Папам. Яна таксама распаўсюджваецца на душпастырскае жыццё, экуменічны дыялог і адносіны сяброўства, якія Касцёл жадае развіваць са светам”, – сказаў іерарх.

“Не здаволімся толькі тым, што прыбылі сюды сёння. Шчыра спытайма ў сябе: чаго чакае ад мяне Пан Бог пасля сустрэчы з Ім у гэтай пілігрымцы?” – дадаў прадстаўнік Папы.

galounaja trokeli 42

Біскуп Гродзенскі ў канцы Імшы падзякаваў прысутным за супольную малітву. Асаблівая ўдзячнасць была выказана кусташу сантуарыя кс. Уладзіславу Сурвілу (ён стаў кусташам гэтай святыні нядаўна) і астатнім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы ўрачыстасцяў, а таксама раённым уладам за дапамогу ў арганізацыі гэтых святкаванняў, якія не першы год з’яўляюцца візітнай карткай Воранаўшчыны.

Біскуп пажадаў удзельнікам урачыстасцяў вярнуцца з іх “адноўленымі, поўнымі новага запалу веры, умацаванымі ў жаданні ісці да святасці”. “Будзьце пілігрымамі надзеі – сведчыце аб Хрысце ў сваім асяроддзі, – сказаў ён. – Сёння мы не развітваемся з Марыяй – бо Яна нас не пакідае. Наша самая чулая Маці пойдзе сёння з кожным з нас, вырушыць у шлях нашай штодзённасці, каб быць з намі, чуваць над намі, весці нас да Хрыста, Пана і Збаўцы”.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч павіншавала прысутных з урачыстасцю Маці Божай Тракельскай. Яна адзначыла, што тракельская святыня стала “сапраўдным сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства”, у гэтыя святочныя дні “аб’ядноўвае тысячы вернікаў у імкненні да дабра і духоўнай еднасці”, “напаўняючы іх сэрцы новым сэнсам і зместам” у Юбілейны 2025 год.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі