Skip to main content

У ваўкавыскай парафіі маліліся за кс. Нікадзіма Дзядуля ў 81-ю гадавіну яго смерці

wolkowysk 2

13 ліпеня ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбылася малітва ў інтэнцыі кс. Нікадзіма Дзядуля, 81-я гадавіна смерці якога адзначалася ў гэты дзень.

Для гэтай парафіі 2025 год, акрамя таго што ён юбілейны, адметны і тым, што парафія адзначае сваё 100-годдзе. “Гэта год, калі з удзячнасцю і шчырай памяццю мы ўзгадваем тых, хто будаваў парафію, жыў ёю і служыў ёй. Сярод такіх асоб – ксёндз Нікадзім Дзядуль”, – паведамляюць нам і дадаюць, што гэта “служэнне, якое не згасае”.

За святара маліліся на кожнай Імшы, таксама парафіяне і пробашч кс. Аляксандр Раманоўскі наведалі месца яго пахавання на парафіяльных могілках. Там кароткі аповед пра яго жыццёвы шлях быў дапоўнены агульнай малітвай. Затым былi запалены знічкі як знак таго, што памяць пра святара жыве і будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Ксёндз Нікадзім Дзядуль нарадзіўся 9 ліпеня 1873 г. у вёсцы Дындылішкі ў сям’і Андрэя і Вікторыі з роду Адамоўскіх, ахрышчаны быў 7 кастрычніка таго ж года ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. Прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1897 г., распачаў душпастырскую працу вікарыем парафіі Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве Мінскага павета.

Затым быў вікарыем парафій у Полацку, Рукшаніцы, Нясвіжы. З 1907 г. – адміністратар парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове, з 1910 г. – пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Пустынь (цяпер тэрыторыя Латвіі). З 1912 па 1917 год служыў у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Асвея (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці).

У 1919 г. разам з біскупам Эдвардам Ропам і іншымі святарамі быў арыштаваны як закладнік, пазней вызвалены і працягваў служэнне ў Латвіі – у Марыенгаўзене і Варнавічах.

З 1927 г. працаваў у Віленскай архідыяцэзіі: спачатку ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Бяльмонце (Браслаўскi раён Віцебскай вобласці), пазней у парафіі св. Міхала Арханёла ў Скрундах (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). Апошнім месцам яго служэння была вёска Вялікая Лапеніца (цяпер Грынявічы, Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці). 20 красавіка 1937 г. дэкрэтам арцыбіскупа быў вызвалены ад абавязкаў адміністратара парафіі і выйшаў на пенсію.
Апошнія гады жыцця правёў на тэрыторыі парафіі ў Ваўкавыску. Адышоў у вечнасць 13 ліпеня 1944 г., пахаваны на парафіяльных могілках.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі