26 чэрвеня з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа выйшла пешая пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Пілігрымка здзяйсняецца ў восьмы раз, з яе пачатку споўнілася дзесяць гадоў, бо маршрут да Каралевы Беларусі лідскія вернікі праклалі ў чэрвені 2015 года.
Сярод удзельнікаў пілігрымкі святары, семінарысты, моладзь з Ліды, Гродна, Іўеўскага дэканату, Ваўкавыска і Мінска – у агульнай колькасці 47 чалавек. Доўжыцца яна будзе дзевяць дзён, пераадолее 250 км.
Распачалася пілігрымка святой Імшой, якую ўзначаліў пробашч лідскай Фары кс. Віталій Сідорка. У першыя гады гэтай пілігрымкі ён не раз удзельнічаў у ёй, таму ведае ўсе цяжкасці дарогі. Ён благаславіў пілігрымаў на добры шлях і запэўніў у сваёй малітоўнай падтрымцы.
У дарозе пілігрымы гучна спявалі, маліліся Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Вяночак да Божай Міласэрнасці і Ружанец. Дырэктар пілігрымкі кс. Дзмітрый Малец правёў першую канферэнцыю, прапанаваўшы паразважаць над тым, што такое пілігрымка. “Гэта шлях сяброўства. Мы становімся адной супольнасцю, дзе кожны важны. Падарожнічаюць не толькі нашыя ногі, але і сэрцы”, – сказаў ксёндз Дзмітрый і заахвоціў вучыцца слухаць адзін аднаго на працягу рэкалекцый у дарозе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі