Skip to main content

Слова арцыбіскупа Станеўскага на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

2021 10 15 abp 002 3

Напярэдадні ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе вернікам сваё слова.

«Унебаўзяцце Марыі адкрывае мэту, да якой мы ўсе імкнемся…»
Папа Бэнэдыкт XVI

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

У жніўні хрысціяне заходняй і ўсходняй традыцый адзначаюць урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Нягледзячы на тое, што ў Новым Запавеце нічога не сказана пра апошнія дні жыцця Маці Божай, аднак ужо з першых стагоддзяў хрысціянства існавала перакананне, што Яна не засталася на зямлі, а была ўзята на неба ў паўнаце свайго існавання. Менавіта гэтае перакананне, супольнае для Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, стала падставай для абвяшчэння адмысловага дагмату. Таму сёлета для нас гэтая ўрачыстасць, можна сказаць, юбілейная, бо 75 гадоў таму назад Папам Піем XII быў абвешчаны дагмат пра Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі (1 лістапада 1950 г.).

У апостальскай канстытуцыі Munificentissimus Deus («Бясконца шчодры Бог») Папа Пій ХІІ тлумачыць, што гэты дагмат усталяваны дзеля большай хвалы Бога Айца, як праслаўленне Яго Сына, і «каб павялічыць ззянне Яго святой Маці». У гэтым дагмаце абвешчана, што «Беззаганная Багародзіца, заўсёды Дзева Марыя, пасля завяршэння свайго зямнога жыцця была ўзята з целам і душою у нябесную славу».

Сутнасць гэтай праўды веры растлумачыў Папа Бэнэдыкт XVI: «Мы верым, што Марыя, падобна Хрысту, Яе Сыну, ужо перамагла смерць і валадарыць у нябеснай славе ў паўнаце сваёй істоты, «з целам і душою». (…) Маці Божая настолькі глыбока ўключаная ў таямніцу Хрыста, што ва ўсёй паўнаце сваёй асобы Яна ўдзельнічае ў змёртвыхпаўстанні свайго Сына нават пасля заканчэння свайго зямнога жыцця; Яна перажывае тое, чаго мы чакаем у канцы часоў, калі «апошні вораг», смерць, будзе знішчана (пар. 1 Кар 15, 26); Марыя перажывае тое, што мы вызнаем у Сімвале веры: «Веру ва ўваскрашэнне цела і жыццё вечнае».

Мае дарагія, гісторыя веры ў гэтую таямніцу бярэ свой пачатак з першых стагоддзяў Касцёла. Напачатку гэтае свята ў гонар адыходу Багародзіцы да нябеснай хвалы адзначалася пад назвай засненне, успенне Марыі. Свята ж Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі было ўстаноўлена ў VI стагоддзі, тады ж яно пачало адзначацца ў многіх краінах. Усходнія Цэрквы называюць гэтае свята Успеннем Багародзіцы.

Многія з нас, напэўна, знаёмыя са шматлікімі шэдэўрамі мастацтва, створанымі на працягу існавання хрысціянства, прысвечанымі таксама завяршэнню зямнога жыцця Маці Божай. Усходняя і заходняя традыцыі назваў свята і яго інтэрпрэтацыі заўсёды натхнялі мастакоў на цудоўнае адлюстраванне гэтай надзвычайнай падзеі. Так, старажытная мазаіка ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ у Рыме, створаная па матывах усходняй іконы Успення, адлюстроўвае апосталаў, якія, папярэджаныя анёламі пра зямное заканчэнне жыцця Маці Езуса, сабраліся вакол ложа Дзевы Марыі. У цэнтры — Езус, які трымае на руках дзяўчынку — гэта Марыя, якая стала «маленькаю» для Валадарства і якую Пан забірае на неба. Славутыя творцы мастацкіх рэлігійных шэдэўраў Рафаэль, Тыцыян, Рэні, іншыя мастакі пакінулі нам сваё бачанне Унебаўзяцця Панны Марыі, выбраўшы галоўным матывам Яе адыход у неба ў атачэнні Анёлаў. І ў нашых касцёлах мы бачым падобныя абразы-іконы. Такі матыў, як інтэрпрэтуюць некаторыя тэолагі, сімвалізуе «цялеснае» узыходжанне Багародзіцы на неба, пацвярджаючы перамогу Найсвяцейшай Панны Марыі над смерцю і ўдзел у Хрыстовым ўваскрасенні.

Умілаваныя браты і сёстры, хочацца ўзгадаць словы Бэнэдыкта XVI, які, разважаючы пра Унебаўзяцце Багародзіцы, зазначыў: «У Евангеллі паводле Лукі (Лк 1, 39) мы чытаем, што ў тыя дні Марыя паспяшыла з Галілеі ў горную краіну, каб наведаць сваю сваячку Альжбету. Сёння ж мы разважаем пра тое, як Яна ўзыходзіць на гару Божую і ўваходзіць у нябесны Ерузалем, «апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак» (Ап 12, 1). Фрагмент з Апакаліпсіса, які мы чытаем падчас літургіі гэтай урачыстасці, гаворыць пра барацьбу паміж жанчынай і цмокам, паміж дабром і злом. Мне здаецца, што святы Ян хацеў нагадаць нам тыя словы Кнігі Быцця, якія распавядаюць пра змрочную і драматычную гісторыю граху Адама і Евы. Нашыя продкі былі пераможаны злым; у поўні часу Езус, новы Адам, і Марыя, новая Ева, канчаткова перамагаюць ворага, і менавіта ў гэтым радасць сённяшняга свята! З перамогай Езуса над злом пераможана таксама ўнутраная і фізічная смерць. Марыя першай узяла на рукі Сына Божага — Езуса, які стаў дзіцем; цяпер Яна першая стаіць побач з Ім у нябеснай хвале. Сёння мы святкуем вялікую таямніцу; гэта таямніца, якая прыносіць усім нам надзею і радасць, бо ў Марыі мы бачым мэту, да якой імкнуцца тыя, хто можа звязаць сваё жыццё з жыццём Езуса, хто зможа ісці за Ім так, як ішла Марыя. Такім чынам, гэтае свята гаворыць пра нашу будучыню, што і мы таксама станем каля Езуса у Божай радасці, і заахвочвае нас, каб мы былі адважнымі, каб мы верылі, што моц уваскрасення Хрыста можа дзейнічаць таксама і ў нас і можа ўчыніць нас мужчынамі і жанчынамі, якія імкнуцца кожны дзень жыць так, быццам мы ўжо ўваскрэслі, прыносячы святло дабра ў цемру зла, што існуе ў свеце» (15.08.2011, Кастэль-Гандольфа).

Сапраўды, Унебаўзяцце Марыі — гэта свята, поўнае таямніцаў. Найсвяцейшая Панна Марыя — гэта тая, якая нараджае Хрыста, Бога-чалавека, Заснавальніка і Галаву Касцёла. Касцёл, у сваю чаргу, праз хрост нараджае новых членаў Містычнага Цела Хрыста. Нарадзіўшы Хрыста, Марыя сама стала часткай Касцёла, Яго Містычнага Цела. Калі Яна была ўзята на неба, Найсвяцейшая Панна стала знакам надзеі для ўсіх, хто верыць: абяцанне жыцця ў Нябесным Валадарстве споўнілася найперш у Ёй.

Мае любыя, хочацца яшчэ сказаць пра адзін важны аспект. Надзвычайная заслуга Найсвяцейшай Панны Марыі ёсць таксама ў тым, што Яна падаравала нам свайго Сына ў Эўхарыстыі. У сваім fiat Яна дала нам Цела свайго Сына, якое мы сёння можам праслаўляць і прымаць у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Беручы ўдзел у Эўхарыстыі, мы ўваходзім у адносіны не толькі з Богам, але таксама і з Яго Маці. Марыя — гэта тая, якая першай прымае Хрыста. Яна таксама з’яўляецца Яго першай вучаніцай. Гэта выразна відаць у такіх падзеях, як знаходжанне падлетка Езуса ў святыні ці вяселле ў Кане Галілейскай. Безумоўна, перш за ўсё, Марыя з’яўляецца вучаніцай Хрыста пад крыжам, дзе Яна стаіць у невымоўным смутку, але ўсё ж слухае Спрадвечнае Слова і прымае Яго запавет, у якім Езус давярае Яе апецы сваіх вучняў, гэта значыць Першы Касцёл. Таму Касцёл на працягу ўсяго свайго існавання імкнецца наследаваць Марыю, якая з’яўляецца ідэалам вернасці і пакоры, ідэалам даверу і цалкавітай адданасці волі Усемагутнага Бога.

Дарагія, Марыя, як у Бібліі, так і ў тэалогіі, — гэта тая, якая ўвасабляе паўнату чалавечнасці; Яна — тая, у якой можна ўбачыць перамогу Бога над грахом. Таму Найсвяцейшая Панна Марыя з'яўляецца прыкладам для вернікаў, і, перш за ўсё, Яна з’яўляецца вобразам Касцёла. У Бэтлееме Яна нараджае Хрыста ў Яго фізічным целе; на Галгоце Яна нараджае Яго Містычнае Цела, г.зн. Касцёл. Праз сакрамэнты Касцёл працягвае місію Марыі, даючы свету новых вучняў Настаўніка з Назарэту. Аднак, менавіта ў цэлебрацыі Эўхарыстыі Касцёл найбольш моцна выяўляе сваю мацярынскую місію на ўзор Марыі, дазваляючы, каб Езус фізічна нарадзіўся пад постацямі Хлеба і Віна. Бо, як падкрэсліваў святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы пра Эўхарыстыю, «існуе глыбокая аналогія паміж словам fiat, якое вымавіла Марыя на словы Арханёла Габрыэля, і словам amen, якое вымаўляе кожны вернік, калі прымае Цела Хрыста» (Ян Павел II, Ecclesia de Eucharistia, 55).

На жаль, часта назіраецца абмежаванае разуменне Эўхарыстыі. Трэба нам усім усведамляць, што ўсё, чым з'яўляецца і што робіць Касцёл у тэалагічным вымярэнні, мае сэнс толькі ў перспектыве Божага Валадарства. Эўхарыстыя мае сэнс толькі тады, калі яе разумеюць як неабходны пасілак для тых, хто пілігрымуе ў неба. У адваротным выпадку яна незразумелая і нават высмейваецца як «аплатка» ці «кавалак нейкага белага рэчыва», перад якім «адсталыя людзі» становяцца на калені, нібыта бачачы ў ёй Цела свайго Пана.

Эўхарыстычная таямніца вымагае ад нас веры на ўзор веры Марыі, што той самы Езус, Сын Божы і Сын Марыі, прыходзіць да нас ва ўсёй сваёй Боскачалавечай сутнасці пад постацямі Хлеба і Віна. «Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі», — падкрэсліваў Вялікі Папа. Таму просім Найсвяцейшую Багародзіцу, каб заўсёды памагала нам усведамляць гэты вялікі дар неба для нас, які з’яўляецца прысмакам шчаслівай вечнасці, каб дапамагала нам не ленавацца адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, бо, на жаль, практыка адаравання таксама пачала занікаць у многіх парафіях.

Унебаўзяцце Марыі — гэта не толькі свята, якое ўшаноўвае ўнікальную ролю Маці Божай у гісторыі збаўлення, гэта свята веры і радасці, свята, якое заўсёды натхняла вернікаў да роздуму аб сваім пакліканні і надзеі на вечнае жыццё, дзеля якога мы ўсе былі створаны.

Умілаваныя, у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем, што нават пасля свайго ўнебаўзяцця Багародзіца працягвае заступацца за сваіх дзяцей, Яна з’яўляецца для ўсіх прыкладам веры і любові і мае на іх збаўчы ўплыў, які вынікае з паўнаты заслуг Хрыста. Вернікі бачаць у Ёй вобраз і прадвесце ўваскрашэння, якога яны чакаюць і звяртаюцца да Яе як да Заступніцы, Успамогі, Выратавальніцы, Пасрэдніцы (гл. КККК 197).

Папа Леў XIV напачатку свайго пантыфікату сказаў, што «Наша Маці Марыя заўсёды хоча ісці побач з намі, быць блізка каля нас, дапамагаць нам сваім заступніцтвам і любоўю. Маці святой надзеі суправаджае нас, аднаўляе надзею і суцяшае ўсіх, хто просіць у Яе дапамогі».

Даверымся ж заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі. Разам з Ёю і мы можам спазнаць радасць прыняцця Пана, а таксама быць знакам і прыладаю Яго любові.

Няхай Марыя Унебаўзятая выпрасіць для ўсіх вернікаў і людзей добрай волі шчодрасць Божых дароў і ласкаў. Няхай Яна абароніць і заступіцца за тых, хто да Яе звяртаецца. Праз Яе рукі няхай Бог благаславіць вас: + У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Паводле Catholic.by