Skip to main content

У Іўі адзначылі юбілей святарства пробашча

iue pr 9

25 чэрвеня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адзначылі 25-годдзе святарства яе пробашча кс. Паўла Калесніка.

 У Імшы падзякі за 25 гадоў святарства ксяндза Паўла ўдзельнічалі яго аднакурснікі – выпускнікі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне 2000 года, узначаліў літургію біскуп Віцебскі Алег Буткевіч – адзін з гэтых выпускнікоў. Усе яны служаць у розных месцах, ад усходніх да заходніх межаў Беларусі, а некаторыя за мяжой.

У гаміліі біскуп сказаў: “Усе мы выйшлі з сярэдзіны дзевяностых, мы памятаем бум пакліканняў і называем сябе пакаленнем Яна Паўла ІІ. У той жа момант гэта час адраджэння Касцёла ад наступстваў працяглага атэізму, час аднаўлення і адкрыцця святынь, духоўнага ўзрастання вернікаў. Бог ведаў, як, калі і каго паклікаць да святарства, ведаў патрэбы чалавека і ў той час даручыў нам гэтую задачу”.

Звяртаючыся да вернікаў, асабліва да маладых хлопцаў, іерарх адзначыў:

“Жніво заўсёды будзе вялікім, таму прасіце яго Гаспадара, каб выслаў на жніво працаўнікоў. Сёння мы заўважаем крызіс пакліканняў. Хіба Езус не высылае працаўнікоў? Напэўна, прычына ў іншым – сёння чалавек не заўсёды мае адкрытае сэрца і адвагу пайсці за голасам Хрыста”.

У канцы Эўхарыстыі прадстаўнікі парафіі выказалі словы віншаванняў і падзякі за дар паклікання кожнага святара.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі