24 чэрвеня каля муроў былога касцёла ў вёсцы Грынявічы, якая адносіцца да ваўкавыскай парафіі св. Станіслава Косткі, адзначылі ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля.
Тут гэта было першае супольнае каталіцкае набажэнства з 1939 года – “праз дзесяцігоддзі маўчання, праз часы забаронаў і забыцця”, як апавядаюць нам пра гэта. У набажэнстве ўдзельнічала каля сотні чалавек. “Вернікі сабраліся каля гэтых сцен, якія памятаюць водгалас старажытных малітваў, каб разам узняць свае сэрцы да Бога. Над скрушанымі камянямі зноў загучалі словы малітвы і песні хвалы, паветра напоўнілася духоўнай надзеяй”, – так распавядаюць нам, дадаючы, што такім чынам у Грынявічах заззяла “святло веры сярод руін”.
Касцёл у Грынявічах належаў кляштару францішканаў.
Пробашч ваўкавыскай парафіі кс. Аляксандр Раманоўскі перад галоўным уваходам у былы касцёл прамовіў малітву да Яна Хрысціцеля, які з’яўляецца нябесным апекуном гэтага месца. “Словы святара гучалі з глыбіні сэрца, злучаючы мінулае з сучаснасцю, боль страты – з верай у адраджэнне”, – паведамляюць з месца падзей.
Прысутных азнаёмілі з гісторыяй гэтай святыні, распавёўшы пра доўгі і пакутлівы шлях будаўніцтва, частыя змены ўладальнікаў, выпрабаванні. “Кожны камень гэтых сцен нібыта нёс на сабе адбітак часу і малітваў тых, хто прыходзіў сюды шукаць суцяшэння і надзеі”, – паведамляецца нам.
Падчас малітвы “Анёл Панскі” ўдзельнікі ўрачыстасці схілілі галовы ў памяць пра пахаваных на прылеглым пляцы і ў скляпеннях касцёла. З асаблівай пашанай узгадалі святароў, якія служылі ў гэтым месцы.
Ксёндз Аляксандр акрапіў асвячанай вадой прысутных і муры касцёла. У канцы праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”, кожны атрымаў благаслаўленне. Пасля набажэнства людзі з цікаўнасцю аглядалі старажытныя сцены, маліліся, размаўлялі пра гэтую падзею.
“У гэты дзень, на гэтым святым месцы, гісторыя нібыта зрабіла кола – і вера зноў закрасавала сярод руін, нагадваючы, што духоўнае не знікае, калі жыве ў сэрцах”, – распавядаюць нам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі