У Астраўцы прайшла сустрэча Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака і старшыні раённага Савета дэпутатаў Генадзя Бычко з духавенствам Астравецкага раёна і прадстаўнікамі парафіяльных камітэтаў. У сустрэчы ўдзельнічалі і прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла.
Як паведамляе ostrovets.by, на сустрэчы было нямала тэм для абмеркавання, а галоўным пасылам было тое, што ў дзяржаве павінен быць мір паміж нацыянальнасцямі і канфесіямі, прытым што ў Беларусі для гэтага робіцца вельмі шмат.
“Этнаканфесійная сітуацыя – адзін з фактараў стабільнасці грамадства, таму важна будаваць канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі розных канфесій. Беларускае грамадства шматнацыянальнае і шматканфесійнае: у краіне 25 канфесій і рэлігійных напрамкаў, пражывае больш за 150 нацыянальнасцяў – важна, каб людзі жылі ў міры і згодзе, таму што любы маленькі канфлікт можа прывесці да вялікага пажару, – адзначыў Аляксандр Румак. – На жаль, у гісторыі ёсць нямала прыкладаў, калі войны і грамадзянскія канфлікты ў некаторых дзяржавах пачыналіся менавіта на рэлігійнай глебе. Таму з пачатку незалежнасці наша дзяржава ўдзяляе пільную ўвагу канфесійнай сферы, каб грамадзяне рэалізоўвалі сваё канстытуцыйнае права на веравызнанне. У Беларусі на заканадаўчым узроўні замацавана аднолькавае стаўленне да прадстаўнікоў розных канфесій”.
Як адзначаецца на ostrovets.by, у Астравецкім раёне, які таксама шматнацыянальны і шматканфесійны, людзі жывуць у міры і згодзе, і прыкладаў гэтага нямала.
“І ўлада, і святары супрацоўнічаюць, забяспечваючы мір і згоду паміж людзьмі. Галоўнае, каб беларуская зямля заставалася спакойнай, а кожны чалавек меў упэўненасць у заўтрашнім дні”, – сказаў Аляксандр Румак.
Сярод іншага, на сустрэчы абмяркоўваліся тэмы перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый, афармлення зямельных участкаў, выканання правіл пажарнай бяспекі, вырашэння сацыяльных праблем.