Skip to main content

Вернікі варнянскай парафіі памаліліся ў Свіры за свайго былога пробашча кс. Яна Сялевіча

varniny 8

22 чэрвеня вернікі парафіі св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) са сваім пробашчам кс. Віктарам Захарэўскім наведалі парафію св. Мікалая ў Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), каб памаліцца за былога варнянскага пробашча кс. Яна Сялевіча напярэдадні дня яго нараджэння.

Імшу, на якой адбылася гэтая малітва, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама на літургіі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.
Ксёндз Ян Сялевіч нарадзіўся на Свіршчыне, апошнія дванаццаць гадоў жыцця быў пробашчам парафіі ў Варнянах. З часу яго смерці прайшло больш за 80 гадоў, аднак, як нам паведамляюць, “памяць пра яго жыве ў сэрцах людзей і сёння”.

У Імшы ўдзельнічалі таксама шматлікія святары, мясцовыя парафіяне і госці. Да канфірмацыі прыступілі 16 чалавек – маладыя вернікі.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуўся да вернікаў, асабліва да моладзі, з заклікам годна захоўваць веру, не саромецца і не баяцца быць сапраўднымі хрысціянамі, “каб агеньчык веры ніколі не згасаў, а распальваўся ўсё ярчэй у душы кожнага”.

Пра кс. Яна Сялевіча нам паведамляюць так: “Ад свірскіх вытокаў да варнянскага алтара – жыццё, аддадзенае Богу і людзям” – так можна ахарактарызаваць шлях Яна Сялевіча, святара, ксяндза дэкана, праведніка народаў свету, цудоўнага чалавека, які дапамагаў людзям, верна выконваў святарскае служэнне, нёс дабро і радасць. Чалавек з вялікім сэрцам – так яго называлі ў народзе”.

Ксёндз Ян нарадзіўся 24 чэрвеня 1882 г. у вёсцы Юстынава каля Свіры ў шляхецкай каталіцкай сям’і. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1906 годзе. Вядома, што служыў у вёсцы Свіранкі, затым у касцёле св. Андрэя ў Кабыльніку, а з 1930 па 1942 год – у Варнянах. Пасмяротна ўзнагароджаны ганаровым званнем і медалём “Праведнік народаў свету”. Гэта званне прысвойваюць неяўрэям, якія ў гады нацысцкай акупацыі Еўропы, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў. Памёр ксёндз Ян 9 снежня 1942 г. у Варнянах падчас Імшы, якую цэлебраваў, пахаваны ў Свіры.

Да гэтага часу на яго магіле стаяў крыж. З варнянскай парафіі паведамляюць: “Адкрыць забытую старонку пра нашага былога пробашча ўдалося нам параўнальна нядаўна, калі, рыхтуючыся да святкавання 255-годдзя нашага касцёла, збіралі інфармацыю пра святароў, якія служылі ў нас у розны час. Дзякуем Богу, што пры падтрымцы нашага сённяшняга пробашча ксяндза Віктара Захарэўскага ўдалося выправіць даўнюю памылку. І цяпер на магіле ксяндза Яна ўстаноўлены помнік яму як сімвал нашай пашаны і памяці”.

У парафіі называюць сімвалічным тое, што гэтая “малітоўная сяброўская сустрэча” ў Свіры прайшла менавіта 22 чэрвеня, перад днём нараджэння ксяндза Яна і ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая непасрэдна звязана з яго лёсам.

Пасля Імшы вернікі варнянскай парафіі прадставілі невялікую імпрэзу ў гонар памяці ксяндза Яна. У межах імпрэзы прагучалі словы, звернутыя да ўсіх святароў:

Хай свечкі полымя ніколі не згасае,
Людзей удзячнасць вечна хай жыве.
Няхай увагі святарам усім хапае
Тут, на зямлі, і ў вечнасці стае.

Няхай ніхто не будзе пазабыты,
Малітва ў іх гонар хай гучыць.
Бо святары, якія ў нас служаць,
Павінны ў сэрцах нашых вечна жыць!!!

Потым прысутныя накіраваліся на могілкі, дзе пахаваны ксёндз Ян. Пасля супольнай малітвы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў благаслаўленне помніка на магіле святара, былі ўскладзены кветкі, запалены лампадкі. “Безумоўна, лампадкі дагараць, аднак памяць пра тых, каго ўжо няма з намі, не згасне ў сэрцах ніколі”, – адзначаюць у парафіі.

Ксёндз Віктар Захарэўскі ад імя парафіяльнай супольнасці падзякаваў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму за прысутнасць, малітву і благаслаўленне помніка. Таксама ён выказаў падзяку пробашчу свірскай парафіі кс. каноніку Багуславу Маджэеўскаму за запрашэнне і дадзеную магчымасць супольна памаліцца, падзякаваў усім, хто прычыніўся да гэтай падзеі.

Ксёндз Віктар адзначыў: “Паміж намі з ксяндзом Янам Сялевічам сто гадоў: ён нарадзіўся ў 1882 годзе, я – у 1982-м. І звязалі нас Варняны. Жыццё – гэта час, калі мы шукаем Бога, смерць – калі Яго знаходзім, вечнасць – калі Яго маем. Для веруючага чалавека смерць –пачатак новага жыцця, да якога ён імкнуўся праз усё сваё жыццё. Глыбока веру, што ксёндз дэкан Ян Сялевіч, які жыў верай і праўдай на зямлі з 1882 па 1942 год, там, у вечнасці, моліцца і заступаецца за нас, сваіх былых парафіянаў, і асабіста за мяне, пробашча, які сёння служыць на ўлюбёнай намі варнянскай зямлі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі