Skip to main content

Заклік да міру і лагатып Юбілейнага года: працэсію Божага Цела ў Іўі ўпрыгожылі кветкавыя дываны

iue bozecialo 10

У нядзелю 22 чэрвеня ў Іўі адбылася працэсія Божага Цела па горадзе з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, якая адзначалася трыма днямі раней.

Нам паведамляюць пра гэта так: “У дзень працэсіі цэнтральная плошча горада становіцца арт-пляцоўкай незвычайнай формы сакральнага мастацтва: прыгожых, але, на жаль, недаўгавечных дываноў з кветак. Пялёсткі кветак, сабраныя ў непаўторныя яскравыя дываны, – даніна, якую жыхары горада прысвячаюць Езусу, прысутнаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце”.

iue bozecialo 25

Сёлета дываны з кветак стваралі ўдзельнікі рухаў “Легіён Марыі” і “Маці ў малітве”, якія дзейнічаюць пры іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла, міністранты парафіі, семінарысты, бацькі дзяцей, якія ў гэтым годзе прыступілі да Першай Камуніі.

Акрамя ўзораў, на дыванах размясціліся надпісы “Мир вам” і “Бог ёсць любоў”, а алтар, падрыхтаваны міністрантамі і семінарыстамі, упрыгожылі лагатып Юбілейнага 2025 года і словы “Мы пілігрымы надзеі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі