22 чэрвеня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу з нагоды 50-годдзя пробашча катэдральнай парафіі кс. каноніка Яна Кучынскага.
Дзень нараджэння пробашч адзначае двума днямі пазней.
У гаміліі, зыходячы з імшальных чытанняў, іерарх заахвоціў атаясамліваць свае пакуты з пакутамі Езуса, дазволіць Яму дзейнічаць у сэрцах людзей, вызнаваць, як апостал Пётр, веру ў Яго як у Месію, а таксама “адрачыся ад сябе, узяць крыж свайго жыцця і, несучы яго, ісці за Хрыстом”.
“24 чэрвеня боскі гадзіннік, які ідзе наперад і які мы не можам спыніць, абвесціць пяцідзесяцігоддзе ксяндза Яна”, – сказаў іерарх. Ён дадаў, што ў гэты дзень юбіляр будзе дзякаваць Богу за дар жыцця, бацькам – за перадачу гэтага дару і выхаванне, гродзенскай семінарыі – за фармацыю, першаму біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу – за сакрамэнт пасвячэння і за магчымасць вывучаць літургіку ў Рыме, цяперашняму біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю, іншым святарам, кансэкраваным асобам і ўсяму вернаму народу – за супрацоўніцтва.
“Калі нарадзіўся Ян Хрысціцель, людзі пыталіся, кім ён будзе, і ён стаў прадвеснікам Езуса”, – сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што імя Ян далі пры хросце цяперашняму пробашчу катэдральнай парафіі і, напэўна, таксама пыталіся, кім ён будзе. Іерарх адзначыў, што ксёндз Ян, “падобна да свайго нябеснага апекуна”, стаў тым, хто праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, катэхізацыю і іншыя пастаральныя дзеянні “рыхтуе Хрысту дарогу да сэрцаў людзей”.
Па словах арцыбіскупа, гэтую дарогу юбіляр рыхтуе таксама праз аднаўленне катэдры, “бо сакральная архітэктура з’яўляецца магутным евангелізатарам”. Іерарх нагадаў, што калі галоўны алтар катэдры быў пашкоджаны пажарам, на плечы ксяндза Яна лягла адказнасць за яго аднаўленне.
“Хрыстус казаў: “Разбурыце гэтую святыню, і Я за тры дні яе адбудую”, на што людзі адказвалі: “Святыню будавалі сорак шэсць гадоў, а Табе няма пяцідзесяці і Ты за тры дні хочаш яе адбудаваць”. Ксяндзу Яну таксама яшчэ не было пяцідзесяці, але ён аднавіў алтар і працягвае аднаўляць гэтую гістарычную святыню”, – сказаў арцыбіскуп.
“У той час, калі свет адкідвае Езуса, ксёндз Ян сваім служэннем вызнае, што Ён Месія, – заўважыў іерарх. – Для Езуса ён выракаецца сябе і нясе крыж святарскага служэння, падобна Яна Хрысціцелю рыхтуе Езусу дарогу да сэрца сучаснага чалавека”.
Арцыбіскуп заклікаў юбіляра “быць сучасным Янам Хрысціцелем”, пажадаў яму Божага благаслаўлення, дапамогі яго нябеснага апекуна і Маці Божай Кангрэгацкай, абраз якой знаходзіцца ў гродзенскай катэдры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі