Skip to main content

“Хрысціян павінны пазнаваць па любові”: у першы дзень агульнабеларускай сустрэчы моладзі прайшла Імша з удзелам біскупаў

msza1 adm 43

20 чэрвеня, у першы дзень Агульнабеларускіх дзён моладзі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Літургію канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, душпастыры моладзі беларускіх парафій.

У пачатку літургіі арцыбіскуп сказаў, што маладыя людзі з усёй краіны сабраліся на гэтай сустрэчы з мэтай разам прасіць ласкі і моцы, каб плыць у лодцы Пятра.

msza1 adm 30

Біскуп Андрэй Зноска ў гаміліі адзначыў, што хрысціян павінны пазнаваць “не па хустачках, не па ружанцах, не пa мітрах, а па любові”. Ён прапанаваў маладым людзям спытаць у Езуса, які знак яны павінны мець, і дадаў, што, па словах самога Хрыста, хрысціян будуць пазнаваць тады, калі яны будуць любіць адзін аднаго.
Іерарх заахвоціў удзельнікаў Дзён моладзі ў межах гэтай сустрэчы знаёміцца, не баяцца падыходзіць адзін да аднаго, а таксама імкнуцца заўсёды жыць любоўю.

Біскуп Зноска, наймалодшы з беларускіх каталіцкіх іерархаў, у гэты дзень адзначаў 45-годдзе.

У канцы Імшы арцыбіскуп Станеўскі сказаў: “Той, хто з Езусам, малады! Мы ўсе розныя, але ў Хрысце мы адно”. Іерарх выказаў пажаданне, “каб у словах Евангелля мы знаходзілі адказы на пытанні”, а таксама каб гэтыя Дні моладзі прынёслі благаслаўлёны плён у жыцці кожнага ўдзельніка.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі