Skip to main content

У гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай прайшоў фэст

fest baranowicze 8

15 чэрвеня, у нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, у гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай адбыўся фэст. Ён стаў працягам адпустовай урачыстасці ў гонар нябеснай апякункі парафіі.

Адпустовая ўрачыстасць прайшла там 12 чэрвеня, ва ўспамін благаслаўлёнай Мар’яны, з удзелам біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя. 

Фэст прайшоў у гісторыі гэтай маладой парафіі ў трэці раз, было шмат удзельнікаў – дарослых, дзяцей і моладзі. Нам паведамляюць, што “дзякуючы старанням пробашча ксяндза каноніка Юрыя Марціновіча і ўсяго парафіяльнага актыву фэст быў арганізаваны на найвышэйшым узроўні”, “гэта быў час сапраўднага духоўнага ўздыму і радасці, напоўнены шчырым адчуваннем супольнасці і ўзаемнай любоўю”.

fest baranowicze 10

“Ва ўрачыстасць Святой Тройцы асабліва адчуваецца моц і адзінства нашай веры. Фэст стаў яркім праяўленнем гэтага адзінства, калі прысутныя разам маліліся, дзяліліся радасцю, выражалі адзін аднаму падтрымку, – распавядаюць нам. – Свята Тройцы нагадвае пра таямніцу Божай любові, якая аб’ядноўвае нас у адну вялікую сям’ю. Фэст стаў магчымасцю адчуць гэтую любоў на сабе, падзяліцца ёю з іншымі, умацаваць сваю веру”.

У парафіі паведамляюць, быццам на фэсце “кожны знайшоў для сябе штосьці важнае і каштоўнае: ад духоўных практыкаванняў да вясёлых забаваў”, і выказваюць спадзяванне, што гэтае мерапрыемства “натхніць іх на новыя добрыя справы” і дапаможа ім “жыць у адзінстве і любові”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі