8 чэрвеня, у нядзелю Спаслання Духа Святога, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Астраўцы.
Да сакрамэнту прыступілі вернікі дзвюх астравецкіх парафій – Адшукання Святога Крыжа і святых Космы і Дам’яна, у агульнай колькасці 111 чалавек. Сакрамэнт быў удзелены на Імшы, якую ўзначаліў біскуп.
Як паведамляе Вольга Заянчкоўская, такім чынам у астравецкай парафіі сёлета “свята Спаслання Духа Святога было па-асабліваму ўрачыстым”. Прысутнічала шмат вернікаў. “І сама Імша, і канфірмацыя прайшлі велічна, прыгожа і грунтоўна. У святыні на працягу ўсяго набажэнства гучаў цудоўны ўзнёслы спеў. Здавалася, Дух Святы благаславіў вернікаў, бо падчас канфірмацыі праз вокны касцёла іх асвяціла яркае сонейка”, – распавядаюць нам.
Таксама паведамляецца, што канфірмаваныя рыхтаваліся да гэтага “важнага ў іх жыцці кроку” доўгі час.
У гаміліі біскуп заклікаў парафіян годна несці сведчанне пра Хрыста ў сваім асяроддзі. Кажучы пра канфірмацыю, іерарх адзначыў, што дары Святога Духа, якія чалавек атрымлівае ў гэтым сакрамэнце, не рытуал, а сапраўдная Божая моц. Звярнуў увагу ён і на тое, што не трэба саромецца сваёй веры, а таксама нагадаў пра Юбілейны 2025 год, які праходзіць у Касцёле пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”.
У канцы іерарху было выказана шмат слоў удзячнасці за ўдзяленне сакрамэнту і пажаданняў з нагоды гадавіны яго біскупскага пасвячэння. Цёплыя словы прагучалі таксама ў адрас пробашча парафіі Адшукання Святога Крыжа кс. Юрыя Кузьміча, пробашча парафіі святых Космы і Дам’яна кс. каноніка Юзафа Багдзевіча, законных сясцёр Наталлі і Ірыны, якія рыхтавалі касцёл да канфірмацыі і, як адзначаецца, “дапамагалі канфірмаваным узрастаць у веры”.
“Дзякуем Богу за гэтую велічную ўрачыстасць і магчымасць праслаўляць Яго, а таксама за асаблівыя дары і ласкі, атрыманыя з Яго шчодрай рукі”, – адзначаюць у парафіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Дзмітрый Сакалоўскі