15 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у шэрагі літургічнай службы алтара парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі прынялі пяць чалавек.
Як паведамляе нам Раман Ярмош, новыя міністранты “вучыліся выконваць сваё будучае ганаровае служэнне прыгожа, старанна і з разуменнем”, напярэдадні гэтага “радаснага для іх” дня пацвердзілі свае веды на іспыце.
Новыя міністранты далі перад Богам і парафіяльнай супольнасцю абяцанне служыць ля алтара пабожна, старанна і радасна. У адпаведнасці з абрадам ім было ўдзелена благаслаўленне, адбылося ўскладанне комжаў.
На цяперашні момант літургічная служба алтара гэтай парафіі налічвае 30 міністрантаў і лектараў. Як паведамляецца, яна “дынамічна развіваецца і адыгрывае важную ролю ў парафіяльным жыцці”, яе члены актыўна дапамагаюць падтрымліваць парадак на прыкасцёльнай тэрыторыі, ладзяць пры Гробе Пана чуванні пад назвай “Старожкі”, на працягу некалькіх гадоў ім даручаецца рыхтаваць адзін з алтароў да эўхарыстычнай працэсіі на ўрачыстасць Божага Цела.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі