У нядзелю 15 чэрвеня ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адбылася Імша з нагоды юбілею біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які ён адзначаў напярэдадні.
Біскуп быў пробашчам гэтай парафіі з 2003 да 2024 года.
У пачатку літургіі цяперашні пробашч, кс. Віталій Сідорка, прывітаў і павіншаваў іерарха.
Біскуп, звяртаючыся да прысутных, сказаў, што цэлебруе гэтую Імшу “як удзячнасць за кожнага з іх” і моліцца за гэтую парафіяльную супольнасць і ўсіх вернікаў Ліды, якіх, па яго словах, вельмі палюбіў і якія назаўсёды застануцца ў яго сэрцы.
У гаміліі біскуп адзначыў, што “любоў – імя Бога”. Паколькі ў гэты дзень святкавалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, ён адзначыў, што гэтая нядзеля “адкрывае нам таямніцу Бога, таямніцу жыцця Бога – жыцця, у якім мы маем удзел ужо з моманту нашага хросту”. “Гэта таямніца, якая адкрывае таксама і нашу таямніцу – кім мы з’яўляемся, – сказаў іерарх. – Сёння мы з пакорай схіляемся над таямніцай, якую цяжка ахапіць нашым розумам, перад якой мы павінны стаць у пакоры, перад якой павінны сцішацца нават самыя развітыя галіны навукі”.
“Таямніца Бога ў Найсвяцейшай Тройцы – гэта Містэрыя Бога, які быў адпачатку, які ёсць Любоў, які хоць і схаваны, але дае Сябе пазнаць. І гэта вялікае шчасце, што мы дзеці Бога. Мы можам пазнаваць Яго вялікую таямніцу”, – дадаў біскуп.
У канцы літургіі юбіляра павіншавалі дзеці, моладзь, дарослыя вернікі, міністранты. Прагучала шмат слоў падзякі за ўсё яго служэнне. Вернікі выказвалі радасць, што могуць разам з біскупам святкаваць яго юбілей, дзякавалі за сакрамэнты, якія ён удзяляў на працягу ўсіх гадоў служэння ў гэтай парафіі, за кожнае звернутае да іх слова, за “бацькоўскую любоў і падтрымку”.
Іерарх падзякаваў за віншаванні, за ўсе цёплыя словы і, як адзначыў, за “цудоўную сямейную атмасферу – атмасферу любові, дабрыні, цеплыні”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі