Skip to main content

Настаўнікі і выхавацелі Гродна накіраваліся ў пілігрымку ў Італію

Св. Імшой у пабрыгіцкім касцёле сёння зранку распачалася пілігрымка ў Рым і іншыя гарады Італіі для ўдзельнікаў Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў Гродна і іх сямей. Кіруе пілігрымкай душпастыр кс. Антоні Грэмза. З 4 па 12 мая пілігрымы наведаюць святыя месцы для каталіцкага Касцёла: базілікі Рыма, Падую, Венецыю, Асізі, Сан-Марына, а на пл. Святога Пятра гродзенскіх пілігрымаў урачыста сустрэнуць на спецыяльнай аўдыенцыі.

Мы выбіраемся ў святыя для каталіцкага Касцёла мясціны, пойдзем слядамі святых, будзем маліцца на месцах спачыну св. Антонія, св. Францішка з Асізі, будзем мець ласку памаліцца каля гроба бл. Яна Паўла ІІ, – казаў падчас св. Імшы кс. Антоні Грэмза. – Да такога падарожжа трэба падрыхтавацца, каб перажыць яго годна, каб Божы дар і Божая ласка ў нас пасля павялічыліся. Сярод розных інтэнцый пілігрымкі будзе таксама ахвяраванне нашага цярпення і болю, які мы, магчыма, няраз зведаем падчас падарожжа. Вучымся пераносіць яго з пасвячэннем нашаму ахвяраванню. Тады нашае цярпенне і боль набываюць сваё збаўчае вымярэнне. Падчас пілігрымкі таксама будзе выпрабоўвацца нашая салідарнасць, наша супольнасць, клопат пра іншага чалавека. Няхай гэтае пілігрымаванне дапаможа распазнанню таго, хто з’яўляецца пілігрымам, узрушыць нашыя сэрцы, а таксама яшчэ больш збудуе нашую супольнасць, каб пазней выказваць сваю падзяку Богу і сведчыць, што Ён з’яўляецца Айцом, Які клапоціцца пра ўсіх сваіх дзяцей.

Напрыканцы св. Імшы кс. Антоні асвяціў і блаславіў на дарогу ўдзельнікаў пілігрыкі, якіх у Італію накіравалася 46 чалавек.