Skip to main content

У гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа адзначылі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адпустовую ўрачыстасць

bernardyny 1

13 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі касцёл) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Антонія Падуанскага.

Імшу ў межах урачыстасці ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што ў іканаграфіі святы Антоні прадстаўлены з Немаўляткам Езусам – у памяць аб тым, што яму аб’явіўся маленькі Езус, – і з Бібліяй, паколькі “мужна абвяшчаў Божае слова, з якого нараджаецца вера”. Таксама арцыбіскуп адзначыў, што гэты святы вядомы як памочнік у пошуку згубленых рэчаў.

Іерарх нагадаў, што Антоні нарадзіўся ў 1195 г. у Партугаліі, пры хросце атрымаў імя Фердынанд, яго сям’я была вельмі багатай і марыла аб свецкай кар’еры для яго. “Аднак Бог змяніў планы”, – сказаў арцыбіскуп і дадаў, што той уступіў у Ордэн аўгустынцаў, дзе прысвяціў сябе малітве і вывучаў тэалогію, Святое Пісанне і Айцоў Касцёла. На яго вельмі паўплывала пахаванне пяці францішканаў, якія загінулі ў Марока за абвяшчэнне Евангелля: ён пастанавіў стаць місіянерам і ўступіў у Ордэн францішканаў, узяўшы імя Антоні. Ён накіраваўся ў Марока, але па дарозе захварэў і павінен быў вяртацца, аднак шторм прыбіў карабель да берагоў Сіцыліі, адкуль Антоні накіраваўся ў Асізі, дзе выконваў служэнне простага манаха. Зваротным пунктам у яго манаскім жыцці стала прэзбітэрскае пасвячэнне, дзе ён прамовіў казанне, якое ўразіла прысутных. У пачатку ХІІІ ст., калі, нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч, былі актыўныя розныя секты і фальшывыя вучэнні, асабліва адносна чалавечай прыроды Хрыста і змёртвыхпаўстання цела, казанні Антонія дапамаглі многім вярнуцца да сапраўднай веры, так што яго пачалі называць “молатам супраць ерэтыкоў”. Апошнія гады жыцця ён правёў у Падуі, дзе памёр у 1231 г., праз год быў кананізаваны.

“Аб чым мы, людзі ХХІ стагоддзя, павінны прасіць святога Антонія? У хаосе розных поглядаў і меркаванняў, якія пануюць у сучасным свеце; у выкліканых тэндэнцыямі маральнага рэлятывізму пастаянных дыскусіях пра тое, што праўда, а што не; у наш час, калі ўсё больш людзей давярае штучнаму інтэлекту, – лёгка заблудзіцца і страціць жыццёвы арыенцір, – сказаў арцыбіскуп. – Антоні – святы, які дапамагае знайсці страчаныя каштоўнасці. Мы страцілі веру, надзею і любоў. Гэта цноты, даступныя не толькі абраным, а азбука Евангелля, і мы павінны жыць паводле іх”.

bernardyny 18

“Шмат людзей страціла веру. Для многіх Бог з’яўляецца вельмі далёкім. У іх няма часу на малітву. Грэшныя звычкі ўкараняюцца. Чалавек губляе пачуццё прысутнасці Бога і жыве так, як быццам Ён не існуе. У такой сітуацыі трэба памятаць, што Бог ніколі не пакідае нас сам-насам з праблемамі. Ён, як евангельскі бацька марнатраўнага сына, чакае і гатовы прабачыць, бо ніколі не стамляецца ў міласэрнасці”, – адзначыў іерарх.

“Сучасны чалавек губляе надзею. Шмат людзей знаходзяцца ў стане роспачы. Хрыстус – наша святло і надзея. Сімвал хрысціянскай надзеі – якар. Таму нам неабходна “стаць на якар” у Хрысце і вучэнні Евангелля, – заўважыў арцыбіскуп. – Сучасны свет замест таго, каб быць светам любові, з’яўляецца светам нянавісці. У той жа час любоў творчая і вядзе ў новае заўтра. На судзе Бог спытаецца ў нас найперш аб тым, як мы любілі Яго і бліжняга”.

“Святы Антоні казаў, што справы гавораць мацней за словы. На жаль, нашае жыццё вельмі часта далёкае ад хрысціянскіх ідэалаў. У такой драматычнай сітуацыі неабходна прасіць Антонія дапамагчы нам адшукаць веру, надзею і любоў”, – звярнуў увагу іерарх і назваў гэтага святога “правадніком, якому варта давяраць, бо ён быў сканцэнтраваны на Езусе, з якім звязаў усё сваё жыццё, і таму не згубіўся на жыццёвым шляху”.

“Французскі вучоны Луі Пастэр казаў, што будучыня належыць не пераможцам, а выратавальнікам”, – адзначыў арцыбіскуп і дадаў, што “Хрыстус выратаваў свет” і што “мы, хрысціяне, сваёй верай, надзеяй, любоўю і прыкладам жыцця павінны выратаваць сучасны свет ад знішчэння грахом”. Па аналогіі з тым, як святы Антоні выяўлены ў іканаграфіі, іерарх заклікаў “несці, як ён, у зямной пілігрымцы на сваіх плячах Дзіцятка Езуса, адзінага Збаўцу свету, і трымаць у руках Пісанне, каб святлом Евангелля асвятляць цемру сучаснага свету”.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі