Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў святую Імшу ў межах ХI Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 7 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Імша была найважнейшай падзеяй гэтага свята. Біскуп цэлебраваў яе ў інтэнцыі ўсіх дзяцей дыяцэзіі, а таксама арганізатараў, валанцёраў і дабрадзеяў Дня дзіцяці.
На літургіі прысутнічалі дзеці са сваімі бацькамі, душпастырамі, законнымі сёстрамі і катэхетамі сваіх парафій.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на дэвізе сёлетняга Дня дзіцяці – “Пілігрымы надзеі”, які супадае з дэвізам Юбілейнага 2025 года, што праходзіць у Каталіцкім Касцёле. Іерарх прапанаваў дзецям “сабраць заплечнік” у пілігрымку і разам з ім паразважаць над тым, што павінна быць у гэтым заплечніку. Нам паведамляецца, што дзеці “слухалі біскупа з вялікай цікавасцю”.
Акрамя таго, іерарх адзначыў, што “кожны хрысціянін знаходзіцца ў дарозе”, “павінен кіравацца не матэрыяльнымі, а духоўнымі каштоўнасцямі” і што “надзеяй, праўдай і шчасцем для кожнага павінен стаць Езус Хрыстус”.
У канцы Імшы біскуп удзяліў дзецям пастырскае благаслаўленне на лета, пажадаўшы правесці гэты час “у адзінстве з Богам і гармоніі з іншым чалавекам”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі