Skip to main content

Ва ўспамін Панны Марыі, Маці Касцёла, у Цвермах адбылася малітва

cwermy 1

9 чэрвеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, каля прыдарожнай капліцы ў лесе ў вёсцы Цвермы (Лідскі дэканат) адбылася ўрачыстая святая Імша.

Як паведамляе Аліна Маркевіч, такая літургія праходзіць там “па добрай традыцыі”, “з кожным годам у гэтае цудоўнае месца прыязджае ўсё больш людзей, моладзь рыхтуе літургію, сёстры назарэтанкі ўпрыгожваюць алтар, мясцовыя жыхары прыводзяць у парадак тэрыторыю”.

З лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Цвермы была арганізавана аўтобусная пілігрымка, некаторыя прыбылі на ўласным транспарце, мясцовыя жыхары прыйшлі пешшу.

Цэлебраваў Імшу пробашч лідскай Фары кс. Віталій Сідорка. У пачатку літургіі ён прывітаў прысутных, прыгадаў гісторыю гэтага месца і выказаў радасць з таго, што, як было сказана, “з цягам гадоў мы не толькі захоўваем гэту традыцыю, але нас з кожным разам становіцца ўсё больш”.

Вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Андрэй Юхнік у гаміліі сказаў: “Сёння Марыя сабрала нас пад крыжам Свайго Сына і хоча, каб мы, паколькі мы Яе дзеці, не баяліся выйсці насустрач адзін аднаму, выйсці з працягнутай рукой, можа, тады, калі даўно не размаўлялі са сваімі блізкімі, даўно не тэлефанавалі бацькам, дачцэ ці сыну, калі гадамі не размаўляем з сябрамі, калі нас штосьці раздзяляе. У Марыі мы бачым знак еднасці Касцёла – выйсці з любоўю, выйсці з прабачэннем, з мацярынскай лагоднасцю”. “Няхай наша сённяшняя прысутнасць тут дадае нам адвагі, натхняе нас на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі”, – пажадаў святар.

У канцы Імшы адбылася Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, пасля благаслаўлення прысутныя мелі магчымасць індывідуальна памаліцца перад крыжам. “Ужо шмат дзесяцігоддзяў вернікі, прыязджаючы сюды, просяць Хрыста ў сваіх інтэнцыях. Нездарма гэты крыж лічаць цудадзейным”, – адзначае Аліна Маркевіч.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі