З 5 па 8 чэрвеня ў Жупранах праходзіў летні адпачынак для дзяцей, якія з’яўляюцца членамі “Савіо-клуба”.
Як паведамляе sdb.by, на адпачынку сабраліся дзеці са Смаргоні, Бараўлян і Мінска.
На sdb.by адзначаецца, што ў “Савіо-клубе” дзеці “на працягу года кожны месяц сустракаліся і пад кіраўніцтвам аніматараў, святароў і законных сясцёр даведваліся пра жыццё і прыклад святасці Дамініка Савіо, узбагачаючы тым самым свае рэлігійныя веды і паглыбляючы рэлігійнае выхаванне”.
Паведамляецца, што на адпачынку “кожны дзень пачынаўся з малітвы, хлопцы і дзяўчаты маглі глыбей пазнаваць сваю веру і разважаць над тым, як у штодзённым жыцці можна дасягаць святасці”, “святары салезіяне, сёстры салезіянкі і аніматары праводзілі для іх цікавыя катэхетычныя заняткі, на якіх тлумачылі, што шлях да святасці пачынаецца з простых рэчаў – дабрыні, шчырасці і любові да бліжняга”.
Таксама дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй Жупран, паўдзельнічаць у гульнях, спаборніцтвах, творчых занятках. Вечар завяршаўся забаўляльнай праграмай, размовамі, гульнямі і салезіянскім “слоўкам на добрую ноч”. Яшчэ адной часткай праграмы адпачынку было наведванне лесу, дзе дзеці прыбіралі смецце і знаёміліся з біяразнастайнасцю навакольнага асяроддзя, тым самым, як сказана на sdb.by, вучачыся “адказнаму стаўленню да прыроды і клопату пра будучыню”. Акрамя таго, яны прынялі ўдзел у эка-квэсце.
На sdb.by гаворыцца: “Гэтыя дні сталі сапраўды асаблівым часам, калі кожны змог не толькі адпачыць душой і целам, але і знайсці новых сяброў, умацаваць сваю веру і пераканацца, што святасць – гэта сапраўды шлях, поўны радасці і свету. “Савіо-клуб” зноў даказаў, што ён – не проста месца для сустрэч, а сапраўдная сям’я, дзе кожны адчувае сябе важным і каштоўным”.