7 чэрвеня супольнасць Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне ўрачыста завяршыла навучальны год.
У гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася Імша з удзелам супольнасці каледжа і родных навучэнцаў. Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У гаміліі іерарх падзякаваў Богу за тых, “хто вучыў і хто вучыўся, хто падтрымліваў і маліўся”, і за сам каледж, які назваў “маленькім вобразам Касцёла ў дарозе”. Па яго словах, “вернік – не турыст, які ўсё ведае і ўсё запланаваў”, а пілігрым, “той, хто адкрыты, слухае, гатовы здзіўляцца”.
Біскуп звярнуў увагу на словы Езуса Хрыста, адрасаваныя ў Евангеллі Пятру: “Ідзі за Мной” (Ян 21, 19). Звяртаючыся да выпускнікоў каледжа, іерарх сказаў: “Гэта запрашэнне не да зручнасці, а да адказу, да дарогі веры. Гэта ваш новы місійны статус: не заставацца ў тэорыі, а ісці да людзей. Туды, дзе бракуе надзеі. Туды, дзе сэрцы параненыя”. “Пілігрым з надзеяй – гэта чалавек, які вучыўся глядзець шырэй. І менавіта адукацыя, тэалагічныя веды, даследаванне Божага Аб’яўлення дапамагаюць нам адкрываць надзею там, дзе свет часта бачыць тупік”, – дадаў біскуп.
Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што свету патрэбны не толькі прапаведнікі, а сведкі, не толькі інтэлектуалы, а людзі з адкрытым і чыстым сумленнем. “Вы вучыліся не толькі ведаць пра Бога, але жыць з Ім, разважаць у духу Касцёла, быць сведкамі праўды і міласэрнасці. Хачу выказаць вам шчырую падзяку – за ваш уклад, за сур’ёзнасць у навучанні, за адкрытасць сэрца. Ваша прысутнасць у сценах каледжа – сведчанне таго, што і свецкія людзі прагнуць ведаць Бога глыбей, служыць Яму свядомым жыццём”, – сказаў біскуп. Ён пажадаў выпускнікам ісці далей з упэўненасцю, што Пан заўсёды побач.
Пасля Імшы біскуп разам з дырэктарам каледжа кс. канонікам Антоніем Грэмзам, намеснікам дырэктара па навуковай частцы а. Андрэем Шчупалам CSsR і выкладчыкам кс. Аляксандрам Раманоўскім уручыў выпускнікам дыпломы.
Разам з дыпломам кожны выпускнік атрымаў выяву Маці Божай з нагоды першай суботы месяца і кнігу ад выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі. Падзякі і кнігі атрымалі таксама самыя актыўныя навучэнцы каледжа. Падарункі былі ўручаны і тым навучэнцам, якія летам святкуюць дзень народзінаў.
Выпускнікі падзякавалі біскупу і кіраўніцтву каледжа. Навучэнцы малодшых курсаў выказалі віншаванні з нагоды будучых імянін і дзён народзінаў біскупу, кс. Антонію Грэмзу і сакратару каледжа Вользе Голуб.
Завяршылася ўрачыстая цырымонія ў вялікай зале каледжа.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі