
- Маці Божая з’яўляецца Каралевай не толькі Польшчы, але і ўсіх тых народаў, якія жывуць на гэтай зямлі, - сказаў на пачатку св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Сёння хочам супольна дзякаваць Пану Богу за дар Марыі, якая з’яўляецца нашай Маці і Каралевай, а асабліва Каралевай апосталаў, святароў, да якіх мы належым. За ўсе гэтыя ласкі дзякуем заступніцтву нашай найлепшай Маці і Каралеве.
Наданне тытулу Маці Божай Каралевы Польшчы сягае ў другую палову 14 ст., распавёў падчас казання ксёндз пробашч Ян Кучынскі. Тэалагічная падстава тытулу Каралева з’явілася ў 17 ст. пасля перамогі над шведамі і цудоўнай абароны Яснай Гуры, якое прыпісваюць заступніцтву Марыі. Гэтае перакананне выразіў кароль Ян Казімер, які 1 красавіка 1656 года ў катэдры перад цудоўным абразом Марыі абраў Божую Маці Каралевай сваіх уладанняў, а каралеўства аддаў яе асаблівай апецы і абароне. Казнадзей даводзіў, што апека Маці Божай трывае над гэтымі землямі і да сённяшняга дня, няважна, што межы дзяржаў даўно змяніліся. Як адзін з сучасных прыкладаў, ксёндз Ян згадаў пажар у катэдры, калі ў 2006 годзе загарэлася алтарная частка. Паветра ад агню было настолькі гарачым, што на аргане, за дзясяткі метраў ад агню, была знятая фарба. А палатно, якое закрывала капліцу Маці Божай Кангрэгацкай, не было закранутае. Ці не гэта цуд заступніцтва Марыі?
- Апека над намі Божай Маці чувае дагэтуль, над кожным з нас, - перакананы ксёндз Ян.
Напрыканцы Літургіі з нагоды імянін ксёндз біскуп Аляксандр атрымаў багатыя віншаванні. Ад імя ўсіх святароў і вернікаў дыяцэзіі віншавальнае слова сказаў ксёндз Антоні Ханька: - Ужо 20 гадоў да ксяндза біскупа прыходзяць людзі са сваімі праблемамі і патрэбамі. Кожнага ксёндз біскуп выслухае, дапаможа, для кожнага мае добрае слова. Дзякуем Пану Богу за добрага пастыра і просім, каб Ён надаў сіл ксяндзу біскупу ў наступнай пастырскай паслузе.
Маленькія вернікі павіншавалі ксяндза біскупа Аляксандра прыгожымі вершаванымі радкамі, песняй, кветкамі і салодкім пачастункам.
Таксама сваё віншаванне падрыхтавалі семінарысты ВДС у Гродне:
- Гэты месяц багаты на падзеі для нашага любімага пастыра дыяцэзіі. Сёння ён абыходзіць імяніны, а за колькі дзён будзе адзначаць гадавіну біскупскіх пасвячэнняў, 30 мая будзе абыходзіць чарговую гадавіну святарскіх пасвячэнняў. Для нас гэта вялікая радасць, што па волі Божай гродзенская дыяцэзія атрымала адданага да рэшты Касцёлу біскупа ў асобе Яго Эксцэленцыі. Жадаем шмат Божых ласкаў, святла Духа Святога, апекі Маці Міласэрнасці, а на нялёгкім шляху святарскай паслугі хай ніколі ксяндзу біскупу не будзе бракаваць зычлівых людскіх сэрцаў, старанных святароў і дыяканаў, манаскіх сясцёр, якія будуць аддана працаваць для будаўніцтва Божага Валадарства ў людскіх сэрцах.
Віншаванні таксама складалі манаскія сёстры, прадстаўнікі Катэхетычнага інстытута, Адарацыйнага кола.
Ксёндз біскуп Аляксандр шчыра падзякаваў усім за віншаванні і асабліва за духоўную падтрымку і дар малітвы, якога патрабуе кожны чалавек, асабліва святар.