1 чэрвеня, калі ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень бацькі, упершыню адбылася мужчынская пілігрымка са Смаргоні ў санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах.
Пілігрымку арганізавалі салезіяне, якія служаць у смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла. З ініцыятывай правесці пілігрымку выступілі мужчыны гэтай парафіі.
У пілігрымцы ўдзельнічала 30 чалавек, а акрамя таго пробашч смаргонскай парафіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB і пробашч парафіі св. Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) бр. Уладзіслаў Мінько OFMСap.
Удзельнікі пераадолелі 32 кіламетры. У межах пілігрымкі наведалі касцёл у Крэве, дзе ксёндз Артур выступіў з канферэнцыяй “Марыя – Настаўніца пілігрымавання”. Таксама ў ходзе пілігрымкі адбылося набажэнства Крыжовага шляху, падчас якога ўдзельнікі неслі камяні – “знак цяжару граху”, як паведамляецца нам. Пасля завяршэння пілігрымкі яны склалі гэтыя камяні каля крыжа пры ўваходзе ў Баруны.
З нагоды Дня бацькі санктуарый у Барунах наведалі і іншыя пілігрымы, у тым ліку мужчынская пешая пілігрымка Ашмянскага дэканату, удзельнікаў якой па дарозе благаславіў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі