Skip to main content

Святарскія пасвячэнні на Вішняўцы

свенценя 2891 мая а 12-й гадзіне ў парафіі Божай Міласэрнасці на Вішняўцы адбыліся першыя святарскія пасвячэнні маладога дыякана з Баранавіч Эдварда Сінкевіча, які належыць да супольнасці ксяндзоў сэрцанаў.

На прыгожай урачыстасці сабралася шмат гасцей з Беларусі і з-за мяжы. Святарскія пасвячэнні дыякану ўдзяліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Пад час святой Імшы ксёндз біскуп, звяртаючыся да дыякана Эдварда, сказаў: “Усім абвяшчай Божае слова, якое сам з радасцю прыняў. Разважай Божае права, вер у тое, што прачытаў, навучай таму, у што паверыў, і выконвай тое, чаму іншых будзеш навучаць. Няхай твая навука будзе ежай для Божага люду, няхай святасць твайго жыцця стане крыніцай радасці для вызнаўцаў Хрыста. Такім чынам, словам і прыкладам будзеш будаваць Божы дом, гэта значыць Касцёл”.

Пасля ўрачыстых пасвячэнняў і ўручэння місійнага крыжа святару Эдварду, усе прысутныя адправіліся на пачастунак, каб разам з Эдвардам і блізкімі яму людзьмі раздзяліць вялікую радасць.

Сэрцане – гэта супольнасць святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая была закладзена ў 1878 годзе ў Сант Квенціне (Францыя) праз слугу Божага святара Леона Дэхона.

Мэтаю дзейнасці гэтай супольнасці з’яўляецца місія ў Касцёле, якая вырастае з малітвы і адарацыі Сэрца Езуса. Харызмат супольнасці мае падвойнае вымярэнне: містычнае і грамадскае. Містычнае выражаецца ў набажэнстве узнагароды за грахі да Сэрца Езуса, а грамадскае – гэта праца над пабудовай валадарства Божага Сэрца сярод патрабуючых. Знешнім знакам прыналежнасці да сэрцанаў з’яўляецца крыж з пустым сэрцам ў сярэдзіне.

Парафія на Вішняўцы існуе з 1995 года. Супольнасць ксяндзоў сэрцанаў з’явілася тут з 1999 года. З гэтага часу сэрцане старанна працуюць над духоўным абліччам усёй парафіі, беручы пад апеку дзяцей, моладзь і старэйшых.

Святар Эдвард паходзіць з Пінскай дыяцэзіі. Ён нарадзіўся 14 красавіка 1987 г. у Баранавічах. Пасля заканчэння школы ў 2004 г. ён уступіў у супольнасць ксяндзоў сэрцанаў, вечныя абяцанні склаў у 2010 г. у Стадніках каля Кракава. У 2012 г. Эдвард скончыў Вышэйшую місійную семінарыю ксяндзоў сэрцанаў ў Стадніках, абараніў тытул магістра.