Skip to main content

Ідзіце і навучайце праз інтэрнэт

Як сёння дайсці да моладзі, каб у найбольш даступнай для яе форме распавесці пра Хрыста? Ці выкарыстоўвае сёння беларускі Касцёл усе сродкі, каб дасягнуць маладога сэрца? Наколькі актыўна ён прысутнічае ў віртуальнай прасторы? Гэтыя пытанні мы задалі кс. Валерыю Быкоўскаму, які працуе з гродзенскай моладдзю як душпастыр АД “OPEN”.

- Ці назіраецца актыўнасць беларускага Касцёла ў віртуальнай прасторы?

- Сучасныя СМІ – гэта інтэрнэт, ужо або ў недалёкай будучыні. Таму Касцёл павінен выходзіць у гэты сегмент, прымаць як мага большы ўдзел у жыцці мас-медый. Касцёл павінен адкрываць свае сайты рознага кірунку, асабліва для моладзі. Нават Бенедыкт XVI часта падкрэслівае, што Касцёл павінен карыстацца тым, чым карыстаецца сённяшні чалавек. Я, напрыклад, заўважаю, што зараз у Беларусі ўтвараюцца парафіяльныя сайты, і гэта вельмі добра.

- Як думаеце, ці хапае для гэтага рэсурсаў у каталіцкага Касцёла?

- Думаю, кожны святар сёння ведае, што трэба выкарыстоўваць час і новыя сродкі, праз якія трэба казаць чалавеку пра Хрыста. Бо калі ён сёння гэтага не выкарыстае, прыйдзе нехта іншы і выкарыстае для таго, каб адвярнуць чалавека ад Хрыста. Толькі праблема ў тым, што беларускі Касцёл сёння мае недахоп у святарах і манаскіх сёстрах. Мы маем яшчэ мала вопыту хрысціянскага жыцця, параўноўваючы з Касцёлам у іншых краінах, узяць, напрыклад, суседку Польшчу. Доўгі час у нас забаранялася актыўнае рэлігійнае жыццё. Таму мы сёння не можам стаяць поруч у развіцці каталіцкіх СМІ з краінамі, напрыклад, Захаду. Але мы павінны бачыць паспяховы вопыт і на яго арыентавацца. Яшчэ пытанне ў тым, што сёння ў нас шмат адукаваных людзей у сферы мас-медый, у тым ліку віртуальных, але ці хапае гэтага для стварэння каталіцкага сайта? Тут, відаць, недастаткова ведаць, як гэта зрабіць тэхнічна. Трэба таксама ведаць тэалогію Касцёла, жыць гэтым хрысціянскім жыццём, каб рабіць штосьці для Касцёла. Як чалавек будзе прасоўваць хрысціянскія ідэі праз сайт, калі ён сам у іх не верыць? Трэба выкарыстоўваць моладзь, якая актыўная, якая валодае ведамі, але якой яшчэ трэба даць хрысціянскую адукацыю – праз катэхезу, напрыклад, ці праз такія сустрэчы каталіцкай моладзі і інш. Тады яны змогуць штосьці зрабіць для Касцёла. Але не трэба спяшацца. Ужо сёння мы маем вынікі – ёсць шэраг каталіцкіх СМІ ў Беларусі, інтэрнет-сайты, якіх некалькі гадоў назад мы не мелі. Мне падаецца, каб Езус Хрыстус сёння прыйшоў на зямлю, Ён сказаў бы вучням: “Ідзіце і навучайце, і выкарыстоўвайце ўсе сродкі, у тым ліку і інтэрнет. Напэўна, Ён бы казаў ім пазнаваць інтэрнэт, ствараць блогі, каб дайсці да большай колькасці людзей. Я заўважаю, як моладзь ужо практычна ўсю інфармацыю бярэ з інтэрнета. Таму Касцёл мусіць быць і там.