27 красавіка ў Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне прайшла велікодная сустрэча валанцёраў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі.
Па традыцыі сустрэча пачалася супольнай малітвай, што дамагло стварыць атмасферу супакою і духоўнай адкрытасці. Затым дырэктар дыяцэзіяльнага “Caritas” кс. Віталій Дабраловіч падзяліўся разважаннямі на тэму “Я ў служэнні Касцёла”, якую валанцёры таварыства лічаць асабліва важнай для сябе.
Праграма сустрэчы была вельмі насычанай. Прысутныя цікава правялі час, а таксама сталі сведкамі традыцыйнага свята Сапоцкінскай пісанкі, у межах якога кожны мог прыняць удзел у разнастайных інтэрактыўных пляцоўках і стварыць сваю ўнікальную пісанку. Найважнейшай часткай сустрэчы стала святая Імша.
Сустрэчы спадарожнічаў дух адзінства і велікоднай радасці. Удзельнікі кажуць: “Гэта была магчымасць для аднадумцаў пабыць разам, правесці час у малітве і разважанні над Божым словам, крыху адпачыць ад штодзённых спраў і падзяліцца адзін з адным вопытам свайго добрага служэння. Таму дзякуем перш за ўсё Пану Богу, які аб’ядноўвае нашыя сэрцы для трывалага служэння Яму і тым, хто побач. Такія цудоўныя сустрэчы здольныя яшчэ больш аб’ядноўваць людзей праз малітву, разважанні, трэнінгі, размовы і забавы, запальваць у іх жаданне здзяйсняць справы дабрачыннасці. Адкрывайце свае сэрцы, каб працягнуць руку дапамогі! Робячы дабро іншаму, мы запальваем у сабе Божае святло, праз якое ўзмацняецца наша вера і любоў”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі