Skip to main content

Дзень другі: урачыстая св. Імша

Адной з самых важных, урачыстых і радасных падзей Дзён моладзі стала св. Імша апоўдні, на якую прыбылі Апостальскі нунцый у Беларусі кс. абп Клаўдыа Гуджэроці і Пастыр нашай дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Моладзь, якая запоўніла ўвесь новапабудаваны касцёл Св. Сям’і, вельмі горача і шчыра вітала дарагіх гасцей спевамі і воплескамі.

Вітаю ўсіх прысутных у гэтым прыгожым новым лідскім касцёле, – прывітаў моладзь на пачатку літургіі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Упершыню ў гісторыі Дыяцэзіяльных дзён моладзі разам з намі прысутнічае прадстаўнік Святога Айца.

Кожнае згадванне ксяндза арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці суправаджалася шумнымі авацыямі ў касцёле. Асаблівае прывітанне Яго Эксцэленцыя выказаў старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандру Астроўскаму і яго супрацоўнікам, якія прыйлі на св. Імшу, за дапамогу і садзейнічанне ў арганізацыі Дзён моладзі.

Дарагая моладзь, зноў вас збірае Езус Хрыстус, – працягваў ксёндз біскуп Аляксандр. – Я радуюся сустрэчы з кожным з вас. Вы ствараеце асаблівую Божую сям’ю моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Я радуюся, што тут ёсць прадстаўнікі з Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзіі. Жадаю, каб сапраўдная Божая радасць была паміж намі.

У казанні абп Гуджэроці разважаў над тэмай добрага пастырства, нядзелю якога сёння адзначае Касцёл. Для кожнага з нас Езус з’яўляецца Добрым Пастырам, а нас можна назваць яго авечкамі. Але авечкі – гэта не тыя, хто не мае сіл, але тыя, хто патрабуе апекі. Калі мы прыгнечаныя, адчуваем сябе маленькімі, гэта значыць, у той момант Езус нам кажа: “Ты мая авечка, і я вазьму цябе пад сваю апеку”. Унутры кожнага з нас ёсць голас, які гаворыць, што любіць нас, – гэта голас Бога. Але здараецца, працягваў ксёндз арцыбіскуп, у цяжкія часы мы кажам, што шукаем Езуса, але не бачым Яго. І адказ мы знойдзем у Евангеллі: “Я аддаў жыццё за цябе”. Яго Эксцэленцыя нагадаў, як часта мы кажам нашым блізкім людзям, што любім іх. “Але хто гатовы аддаць за сваю любоў, за блізкага чалавека сваё жыццё?” – спытаў на св. Імшы ксёндз арцыбіскуп. Спачатку ў касцёле няўпэўнена ўзнялося некалькі рук, а пасля моладзь больш рашуча ўзняла рукі.

Таксама кс. абп Клаўдыа Гуджэроці ў сваім казанні закрануў тэму кожнага хрысціяніна як Сына Божага. Ён заклікаў моладзь адчуць, аддаць сябе ў рукі Божай любові, наколькі гэта магчыма, дазволіць адчуць на сабе пацалунак Божай любові. “Так, як гэта робяць у вашых парках закаханыя пары”, – дадаў Яго Эксцэленцыя.

Напрыканцы св. Імшы ксёндз Антоні Грэмза, арганізатар Дзён моладзі, яшчэ раз нагадаў тэму сустрэчы Дзён моладзі ў Лідзе – хрысціянская радасць. Ён падзякаваў ксяндзу арцыбіскупу за добры настрой, пачуццё гумару і жарты, якія ўзбагацілі радасць прысутных. Словы падзякі атрымаў таксама старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі за спрыянне ў арганізацыі Дзён моладзі. У сваю чаргу сп. Аляксандр прывітаў ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча і ксяндза арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці букетамі жывых кветак і падарункамі.