Skip to main content

Літургія Вялікай пятніцы з удзелам біскупаў прайшла ў гродзенскай катэдры

welka piatnica 6818 красавіка, у Вялікую пятніцу, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася літургія Мукі Пана. Узначаліў набажэнства біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Разам з пастырам дыяцэзіі маліліся біскуп Аляксандр Кашкевіч і духавенства катэдральнай парафіі на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.
Літургія Мукі Пана – адмысловае набажэнства Вялікай пятніцы, дня, калі святая Імша не цэлебруецца ў знак павагі да крыжовай ахвяры Езуса Хрыста за грахі ўсяго свету. Гэты дзень, другі ў Пасхальным Трыдууме, прызначаны для малітоўнага роздуму, посту і ўшанавання крыжа.

Перад літургіяй адбыўся Крыжовы шлях. Звычайна ў гэты дзень яго праводзяць святары парафіі, сёлета ў катэдры яго ўзначаліў біскуп Гродзенскі.

Літургія Мукі Пана складаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі Крыжа і абраду Камуніі. У пачатку набажэнства біскуп, апрануты ў чырвоныя шаты, лёг перад алтаром у знак пакоры перад Богам і смутку, які адчувае Касцёл у дзень смерці Хрыста.

У межах літургіі слова чытаўся фрагмент з Кнігі прарока Ісаі, дзе гаворыцца, што Месія будзе пакутаваць за грахі людзей. У наступных чытаннях – Пасланні да Габрэяў і Евангеллі – адзначалася, што Хрысту вядомы чалавечы лёс, бо Ён пераносіў цяжкія выпрабаванні, і што праз Яго паслухмянасць здзейснілася збаўленне свету.

welka piatnica 69

У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй падкрэсліў, што кожны чалавек у пэўным сэнсе з’яўляецца Барабам – такім было імя злачынцы, які па патрабаванні сучаснікаў Хрыста быў вызвалены, тады як самога Божага Сына асудзілі на смерць. “Езус аддае сябе на смерць яшчэ да таго, як людзі здрадзілі Яму і выбралі Барабу замест Яго, – сказаў біскуп. – Калі б Ён толькі хацеў, то мог бы вызваліцца, а людзі адступілі б і ўпалі на зямлю, аднак Ён займае месца злачынцы, хоча памерці не толькі дзеля яго, але і замест яго”.

Іерарх прапанаваў кожнаму ўявіць на месцы Барабы сябе: “Паспрабуем абаперціся на плячо Хрыста, якое дрыжыць ад болю. Пачуем Яго цяжкі подых. А калі маем на гэта сілы, зірнём у Яго поўныя пакуты вочы. У іх няма прэтэнзій, а толькі боль, любоў і прабачэнне. А потым уявім, як сваімі звязанымі рукамі Ён развязвае нашы рукі, а сам займае наша месца”. “Усе мы Барабы”, – дадаў біскуп і патлумачыў, што гэта гучыць не як абвінавачванне ці праклён, а як благаслаўленне: Бараба, “Bar – abbas”, азначае “сын айца”, такім чынам “Езус займае маё месца, паколькі бачыць ува мне дзіця свайго Айца, бачыць мяне так, як Барабу, змучанага грахом, далікатна засланяе мяне Сабой і займае маё месца”.

welka piatnica 65

“Ён заняў маё месца, значыць увайшоў у самы цэнтр маёй несправядлівасці, – адзначыў іерарх. – Ён увайшоў у мой пракляты грэх, (…) увайшоў і засланіў мяне Сабой ад маёй уласнай злосці і злосці іншых”.

Біскуп звярнуў увагу на тое, што ў хвіліну, калі Езус памяняўся месцамі з тым злачынцам Барабам і, такім чынам, з кожным Барабам свету, “на Яго ўпаў увесь цяжар чалавечага граху – майго граху”. “Гэта нам немагчыма ўявіць, але гэта не значыць, што яно нерэальна”, – дадаў іерарх і для тлумачэння прывёў прыклад, што, калі б увесь сусвет з мноствам нябесных цел абваліўся на адну кропку, як велізарная перавернутая піраміда, то гэтая кропка павінна была б зносіць неверагодны ціск. Такі ціск “усяго маральнага сусвету віны, не менш бязмежнага, чым фізічны сусвет”, абцяжарыў у тую хвіліну душу Езуса.
“Яго цела ўсё ў ранах, у якіх Ён укрыў мае грахі, – дадаў біскуп. – Ён засланіў мяне Сабой на крыжы, каб кожны, хто зірне на Яго, здолеў прабачыць самому сабе і ўсім сваім “Барабам” – крыўдзіцелям”.

Затым пачалася наступная частка літургіі Мукі Пана – адарацыя Крыжа. У межах гэтай часткі біскуп зняў з усталяванага перад алтаром крыжа фіялетавае покрыва, якім крыж быў закрыты на час усяго Вялікага посту. Удзельнікі набажэнства ўшанавалі крыж.

welka piatnica 74

Абрад Камуніі – трэцяя частка набажэнства – распачаўся малітвай “Ойча наш”. У Вялікую пятніцу знак супакою ў час гэтага абраду не перадаецца. Камунія ўдзялялася з Найсвяцейшага Сакрамэнту, кансэкраванага ў Вялікі чацвер.

Потым Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў грабніцу Пана, усталяваную ў бакавой капліцы катэдры. Ён змешчаны там у манстранцыі, накрытай празрыстым белым вэлюмам у напамін пра палатно, у якое было захінута цела Езуса пасля смерці. Кожны жадаючы можа памаліцца перад ім.

Пасля заканчэння літургіі Мукі Пана распачалася Навэнна да Божай Міласэрнасці. Яна доўжыцца да першай нядзелі пасля Вялікадня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі