17 красавіка, у Вялікі чацвер, біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў у гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім) Імшу Вячэры Пана – літургію, якой распачаўся Пасхальны Трыдуум.
На Імшы маліліся разам з іерархам святары парафіі, якой належыць гэты найстарэйшы ў Гродне касцёл, – яе пробашч кс. канонік Ян Пузына і вікарый кс. Алег Кудэрка.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на таямніцы Вялікага чацвярга – устанаўлені сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння. Ён заахвоціў да асаблівай удзячнасці Хрысту за Яго ласкі, якія чалавецтва атрымала ў гэтых сакрамэнтах.
Таксама біскуп адзначыў, што важна заўсёды быць удзячнымі Богу за Яго прысутнасць у Найсвяцейшым Сакрамэнце, за Яго Ахвяру, якая з’яўляецца для людзей ратункам і ўмацаваннем.
Кажучы пра ўстанаўленне Езусам сакрамэнту пасвячэння, іерарх заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за святароў, якіх яны сустрэлі ў жыцці, – усіх тых, якія ўдзялялі ім сакрамэнты, дапамагалі ўмацаваць веру і ісці да збаўлення.
Акрамя таго, біскуп заахвоціў выхоўваць у сабе жаданне служэння ў любові, прыклад якога даў сам Хрыстус на Апошняй Вячэры.
Паколькі Вялікі чацвер – дзень устанаўлення пасвячэння, парафіяне павіншавалі біскупа і сваіх душпастыраў, паабяцаўшы штодзённа маліцца за іх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі