17 красавіка, у Вялікі чацвер, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне Імшу Вячэры Пана – літургію, якой пачынаецца Пасхальны Трыдуум.
Акрамя Імшы Хрызма, якая таксама здзяйсняецца толькі ў Вялікі чацвер, Імша Вячэры Пана – другая характэрная цэлебрацыя гэтага дня. Вялікі чацвер – дзень, калі Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння, і на першым з гэтых сакрамэнтаў засяроджваецца ўвага ў цэлебрацыі Імшы Вячэры Пана.
У час Пасхальнага Трыдууму, які ахоплівае тры дні пачынаючы з Вялікага чацвярга, Касцёл заахвочвае вернікаў прысвяціць больш увагі засяроджанасці і разважанню над роляй Бога ў сваім жыцці.
Разам з біскупам Гродзенскім на Імшы маліліся святары катэдральнай парафіі на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.
Паколькі ў Вялікі чацвер быў устаноўлены сакрамэнт пасвячэння, перад літургіяй удзельнікі малітоўнага руху “Маргарытка”, дзеці і іншыя вернікі павіншавалі біскупа і астатняе духавенства з іх святам.
На літургіі прагучаў гімн “Хвала на вышынях Богу”, які не спявалі на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас спеву білі званы і звінелі званочкі. Пасля заканчэння спеву яны змоўклі, сціхнуў і арган, пакуль гэты гімн не загучыць ізноў на літургіі Пасхальнай вігіліі.
У гаміліі біскуп Гродзенскі абмаляваў жахлівасць ночы пасля Вячэры Пана – ночы, калі Езус быў арыштаваны. “У тую ноч распачалася найстрашнейшая рэч у гісторыі чалавецтва. На змярканні людзі, якія верылі ў Бога Збаўцу, разам з няверуючымі, поплеч, у самую цёмную гадзіну асабістага граху, таемна забівалі Бога – Баранка без заганы. Кожны з нас “паўдзельнічаў” у забойстве Баранка”, – адзначыў іерарх.
Засяроджваючы ўвагу на Апошняй Вячэры, біскуп сказаў, што на той сустрэчы Езус “словамі і ўчынкамі любові саграваў замёрзлыя сэрцы сваіх вучняў”, “увайшоў у ноч іх сэрцаў са Словам любові, каб пераканаць іх, што ніколі ад іх не адмовіцца; увайшоў у іх сэрцы як у дом, з Хлебам жыцця, каб яны не памёрлі з голаду, калі пакінуць Бога і ўцякуць ад Яго”. “Ён чакаў іх навяртання, чакае і нашага прызнання ў граху і нашага навяртання. Чакае і пакутуе”, – дадаў біскуп і заўважыў, што гэтак жа, як у той час, Хрысту наносіць боль кожны сённяшні чалавек: “я Юда, які здраджвае; я зграя, якая прыходзіць да Бога з мячамі і кіямі і звязвае беззаганнага Баранка; я Пётр, які прысягае, што не ведае Яго.
Такім чынам, патлумачыў біскуп, святочны дзень Вялікага чацвярга ўключае і жахлівую ноч “цемры егіпецкай”, ноч адмаўлення ад Бога. У гэты дзень Езус устанавіў Эўхарыстыю і святарства, Ён праходзіць праз падзеі гэтага дня “са сваім Хлебам і келіхам Крыві, каб цудоўным чынам накарміць, напаіць нас і вывесці з граху, якім мы здраджваем Яму”. Па словах іерарха, сярод падзенняў, якія ўчынілі людзі перад Богам у гэты дзень, трэба распазнаць сваё падзенне.
З усіх прычын адкідвання Хрыста біскуп вылучыў на першы план абыякавасць: “Найбольшая абраза Бога, які палюбіў нас да канца, – абыякавасць да Яго любові. Бог укленчвае перад чалавекам, каб абмыць яму ногі, дае яму свой Хлеб, а той праз хвіліну паварочваецца спінай да Яго і братоў і выходзіць, і ягонае сэрца нават не здрыганулася”. “Абыякавасць – корань усялякага зла. Яна ахалоджвае сэрца. Калі яно становіцца нячулым, то здольнае да ўсялякіх зверстваў”, – сказаў іерарх і дадаў, што сёння ўвесь свет мае патрэбу ў тым, каб сустрэць Бога і адчуць Яго любоў.
“Сёння Вялікі чацвер. Настала тая гадзіна, калі Бог засведчыў, што палюбіў нас да канца, што не адмовіцца ад нас і будзе чакаць, як чакаў кожнага з Дванаццаці, пакуль мы не вернемся і не сядзем з Ім за велікодны сняданак. (...) Пасля ўсяго таго, што мы зрабілі Яму, Ён прабачае нам, – адзначыў біскуп. – А калі зноў вернецца, запросіць нас на Вечную Пасху, падпярэжацца і будзе нам служыць. Назаўсёды знікне смерць і застанецца толькі святло велікоднага ранку”.
Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў капліцу адарацыі, якая сімвалізуе цямніцу, дзе знаходзіўся Езус пасля арышту. З алтара знялі абрус, а табэрнакулюм застаўся пустым і прыадчыненым.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч