Вялікі чацвер мае асаблівую важнасць для святароў. У гэты дзень дзве тысячы гадоў назад Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт пасвячэння. На Апошняй Вячэры Ён даверыў сваім вучням таямніцу Эўхарыстыі і справу распаўсюджвання хрысціянскай веры.
На ўспамін аб гэтых падзеях святары штогод на літургіі Вялікага чацвярга аднаўляюць абяцанні, якія склалі падчас прэзбітэрскага пасвячэння. Такім чынам яны пацвярджаюць вернасць Хрысту. Думкамі і сэрцам яны вяртаюцца ў родны дом, родную парафію, тыя часы, калі адчулі заклік да гэтага важнага і ганаровага служэння.
Ад усяго сэрца хочам падзякаваць усім святарам за іх штодзённае бескарыслівае і ахвярнае служэнне ў нашым Касцёле. Асабліва дзякуем тым святарам, якія разам з намі ўдзельнічаюць у працы сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, дасылаюць нам навіны з жыцця парафій, свае артыкулы.
З нагоды Дня святара выказваем самыя цёплыя віншаванні! Жадаем, каб Найсвяцейшая Маці асвятляла шлях, які вам даручыў Бог. Няхай добры Езус трымае вас ля свайго Сэрца, адорвае благаслаўленнем і ўсімі патрэбнымі ласкамі, а Святы Дух будзе бясконца шчодрым на свае дары.
Словы асаблівай падзякі і віншаванні выказваем нашаму ардынарыю біскупу Уладзіміру Гуляю, а таксама біскупу Аляксандру Кашкевічу. Жадаем біскупам моцнага здароўя, евангельскай радасці і апостальскай руплівасці!
Супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі