13 красавіка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўрачыстую Імшу Пальмовай нядзелі.
Разам з біскупам Гродзенскім маліўся біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У літургіі ўдзельнічалі тысячы вернікаў. Пальмовай нядзеляй распачынаецца Вялікі тыдзень, які з’яўляецца галоўным у літургічным календары і на якім Касцёл успамінае смерць і змёртвыхпаўстанне Хрыста.
У пачатку Імшы было здзейснена благаслаўленне вербных галін, прынесеных удзельнікамі.
Абрады гэтай літургіі ўключаюць таксама чытанне Мукі Пана, якое прадстаўляе апошнія гадзіны зямнога жыцця Езуса Хрыста.
У гаміліі біскуп Гродзенскі падкрэсліў, што “толькі з прыніжэння, якое перанёс Езус, магла сысці тая любоў, частку якой можа прыняць кожны з нас”, “толькі з Яго ахвяры нараджаецца наша шчасце”.
Іерарх акцэнтаваў увагу на фізічных і маральных пакутах Езуса: “Яго цела адчувала жудасны боль”, “Пётр тройчы адрокся ад Яго”, “Юда, якога Ён называў сябрам, не толькі здрадзіў, але і канчаткова засумняваўся ў Яго прабачэнні і міласэрнасці”. “Як жа лёгка страціць прыналежнасць да Хрыста, – заўважыў біскуп. – Кожны, хто адсякае сябе ад Яго, страчвае доступ да вечнага шчасця! Мы не ўсведамляем, як шмат людзей, якія ў сучасным свеце насмяхаюцца з Хрыста, былі калісьці ахрышчаны! З тых самых вуснаў сыходзілі крыкі радасці: “Гасанна Сыну Давіда”, але таксама і злосці: “Укрыжуй Яго!”
Прапануючы вернікам задумацца над гэтым, іерарх патлумачыў: “Гаворка не аб тым, каб задушыць у нас нарастанне велікоднай радасці, а аб разважлівасці і вернасці Езусу”.
“Давайце ж захочам быць з Езусам! Давайце захочам прытуліцца да Яго! – сказаў біскуп. – Давайце дазволім Яму ў гэтыя гадзіны самотнасці ўскласці галаву на нашы грудзі! Давайце будзем мець адвагу зірнуць Яму ў вочы, каб пазней мець сілы зняць Яго з крыжа і пакласці ў грабніцу. Тады гэтае чалавечае “ўкрыжуй” заменіцца ў велікодную раніцу прыгожым і глыбокім хрысціянскім “аллелюя!”.
Біскуп заахвоціў праводзіць усе дні Вялікага тыдня і асабліва Пасхальны Трыдуум з малітвай, у маўчанні, засяроджанасці і ўнутранай радасці.
Таксама ў Пальмовую нядзелю прыпала 34-я гадавіна з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прызначэння яе першага біскупа – Аляксандра Кашкевіча. З гэтай нагоды на Імшы маліліся за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, каб ён мог развівацца і ўзрастаць у веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч