12 красавіка ў Гродне адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах горада. У набажэнстве ўзялі ўдзел некалькі тысяч вернікаў парафій горада і яго наваколля.
Крыжоваму шляху папярэднічала Эўхарыстыя, якая адбылася ў катэдры св. Францішка Ксаверыя і якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Літургія цэлебравалася ў інтэнцыі прысутных і ўсіх тых, хто ўтварае мясцовы Касцёл.
Вітаючы прысутных і тых, хто далучыўся да іх з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі, біскуп сказаў, што просіць Бога, каб гэтая сустрэча з Ім яшчэ больш адкрыла людзей на “дар, укрыты ў крыжы Збаўцы, – дар Яго прабачальнай і аздараўляючай любові”. Іерарх пажадаў, каб малітоўная сустрэча садзейнічала нараджэнню любові ў сэрцах і яднанню людзей у адну сям’ю Божых дзяцей.
У гаміліі, кажучы пра тое, што “Сын Божы добраахвотна аддаў жыццё за гэты свет, каб перамяніць яго агнём міласэрнай любові”, біскуп прапанаваў вернікам задумацца, ці прабываюць іх сэрцы з Езусам або замкнёны “ў цесным коле нашай слепаты і мукі”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што “ўсім нам трэба вучыцца мудрасці, якая паходзіць з крыжа”. “Крыж аб’яўляе нам, наколькі далёка можа зайсці чалавек са сваім грахом. Ён можа ўчыніць не толькі любое злачынства, але нават забіць Бога. Аднак крыж аб’яўляе таксама, наколькі далёка са сваёй любоўю зайшоў Бог і як далёка можа дайсці чалавек. Можна дазволіць сабе прыбіць сябе да крыжа. Гэта датычыць не толькі Езуса, але і кожнага з нас, – патлумачыў біскуп. – Хто мае ў сабе ласку і моц, той можа сваім крыжам адказаць на крыж Езуса”.
Іерарх дадаў, што крыж паказвае таксама “чалавечы супраціў, супрацьстаянне чалавека” і з’яўляецца “той прасторай, дзе Бог у Езусе знішчае гэты супраціў чалавечай прыроды”.
“У крыжы мы адкрываем нешта большае, чым пакуты, боль і прыгнечанасць, – адзначыў біскуп. – Крыж адкрывае нам, што Езус пачаў валадарыць. Толькі на гэтым узвышэнні Ён здолеў прыцягнуць усіх да сябе”. Таму, па словах біскупа, у набажэнстве Крыжовага шляху вылучаецца на першы план не трагедыя і бессэнсоўнасць, а збаўчая моц Бога, услаўляецца Яго любоў.
Біскуп падкрэсліў, што хрысціянін “пачынае сваё сапраўднае валадарства тады, калі ўмее служыць іншым”. Такім чынам, крыж адкрывае сутнасць хрысціянства, сказаў ён.
У набажэнстве Крыжовага шляху ўдзельнічалі біскупы Уладзімір Гуляй і Аляксандр Кашкевіч. Вялікі крыж неслі маладыя вернікі парафій Гродна. Шлях праходзіў праз цэнтральную плошчу горада і ўключаў 14 прыпынкаў, на якіх разважалася пра муку Езуса Хрыста і збаўленне, здзейсненае на крыжы.
Разважанні да набажэнства сёлета падрыхтавалі маладыя гродзенскія сужэнцы. У іх яны дзяліліся сваімі гісторыямі жыцця, досведам веры, тым, як перадаюць яе дзецям.
Крыжовы шлях завяршыўся ў найстарэйшым касцёле Гродна – Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім). Біскуп Гродзенскі падзякаваў прысутным за сведчанне веры і любові да Хрыста, якое яны далі сваім удзелам у набажэнстве.
Іерарх падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Крыжовага шляху (святарам, законным сёстрам, парафіянам, валанцёрам, каталіцкім скаўтам і іншым), а таксама мясцовым уладам за дазвол правесці гэтае набажэнства ў цэнтры горада і супрацоўнікам праваахоўных органаў за захаванне парадку і бяспекі.
У канцы біскупы ўдзялілі прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы добра правесці Вялікі тыдзень – самы важны час у літургічным годзе.
Крыжовы шлях, які ўжо стаў прыгожай традыцыяй Гродна, кожны год збірае мноства ўдзельнікаў, садзейнічае таму, каб людзі маглі ўвайсці ў перажыванне святых таямніц мукі, смерці і ўваскрасення Езуса.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі