З 1 па 3 красавіка ў Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне адбыліся рэкалекцыі для супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” у Беларусі.
Збірацца на духоўныя разважанні ў перыяд Вялікага посту ўжо стала традыцыяй для працаўнікоў таварыства. Сёлета рэкалекцыі арганізавала “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі на чале з яго дырэктарам кс. Віталіем Дабраловічам. Правёў іх кс. Андрэй Зайко, які працуе ў касцёльным судзе Гродзенскай дыяцэзіі. У рэкалекцыях удзельнічалі супрацоўнікі таварыства “Caritas” з усіх дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне.
У апошні дзень рэкалекцый біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў святую Імшу для іх удзельнікаў.
Разважаючы ў гаміліі над літургічным чытаннем гэтага дня, біскуп звярнуў увагу на тое, што важным для чалавека павінна быць меркаванне пра яго не іншых людзей, а Бога. Акрамя таго, па словах іерарха, “важна не тое, чаго сам чалавек хацеў бы для сябе, а тое, чаго хоча для яго Бог”.
Біскуп закрануў таксама пытанне таго, як спазнаць Езуса. Ён адзначыў, што гэта магчыма тады, калі “не шукаць уласнай славы”. “Толькі тыя, хто не шукае ўласнай славы (можна дадаць: і ўласнай карысці), змогуць спазнаць Езуса, гэта значыць будуць разумець Пісанні і ўсё, што яны прадказваюць. Хто дазволіць фармаваць сябе ў веры, той будзе таксама ўсё глыбей спазнаваць праўду пра Сына, бо сам будзе станавіцца сынам”, – патлумачыў іерарх.
Біскуп дадаў, што адпавядаць гэтым патрабаванням вельмі складана, бо “цяжка адмаўляцца ад уласнай волі і славы”, таму, па яго словах, трэба прасіць дапамогі ў Бога, “пакладацца не на свае сілы, а на Яго моц”. Іерарх заахвоціў удзельнікаў літургіі жыць моцаю Божай ласкі і адкрываць гэтую ласку кожны дзень.
Біскуп удзяліў супрацоўнікам дабрачыннага таварыства благаслаўленне на шчаслівае вяртанне з рэкалекцый і на плённую дзейнасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі