З 21 па 23 сакавіка ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) прайшлі велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Як паведамляе pinskdiocese.by, у межах рэкалекцый іерарх прамаўляў казанні, праводзіў набажэнствы Крыжовага шляху і сустрэчы з членамі розных малітоўных груп парафіі.
Адзначаецца, што асабліва кранальнымі былі сустрэчы на Эўхарыстыі ў капліцы ў Плябанаўцах з мясцовымі вернікамі, многія з якіх, нягледзячы на пажылы ўзрост, лічаць за гонар і шчасце, сабраўшыся з сіламі, прыйсці на Імшу.
Паколькі многія з тых, хто ўдзельнічаў у рэкалекцыях, цяпер не жывуць у Індуры, а прыехалі да сваіх родных на выхадныя з Гродна, біскуп звярнуўся да іх з наступнымі словамі: “Помніце пра зямлю, якая вас выгадавала, не забывайцеся пра гэтыя палі і пагоркі, да якіх з маленства прывыклі вашыя вочы, няхай не гасне святло ў хатах, дзе родныя чакаюць вас з дарогі. Бацькаўшчына – гэта дар Божы для кожнага з нас!”
У 1980-х гадах у Індуры служыў а. Казімір Жыліс SJ. Біскуп Андрэй Зноска ў першыя гады свайго святарскага служэння працаваў разам з ім у Гродне і стараўся многаму ад яго навучыцца. Цяпер у індурскай парафіі служаць кс. Ігар Анісімаў – яе пробашч, сябар біскупа з часоў вучобы ў семінарыі, і кс. Антоні Адамовіч. Парафія з’яўляецца адной са старажытнейшых на Гродзеншчыне, мае моцныя каталіцкія традыцыі.