Дарагія браты і сёстры!
Мы перажываем чарговы Вялікі пост. Як вядома, гэта асаблівы час магчымасцяў для ўзбагачэння свайго духоўнага жыцця. Прымаючы ўдзел у набажэнствах, прыступаючы да святых сакрамэнтаў, мы наталяемся Божай ласкай. Становімся моцнымі духоўна. Каб адкінуць далей ад сябе подступы злога духа, мы звяртаем сваю ўвагу на дабравольнае адрачэнне ад нейкіх прыемнасцяў. Мы захоўваем пост. Аднак дакладна ведаем, што, каб быць сапраўдным хрысціянінам, недастаткова толькі прысвячаць час малітве і пасціцца. Неабходна таксама праяўляць любоў, міласэрнасць і спагаду.
Папа Бэнэдыкт ХVІ у энцыкліцы “Бог ёсць любоў” піша: “Любоў да бліжняга, якая грунтуецца на любові да Бога, з’яўляецца, перш за ўсё, абавязкам кожнага веруючага, а таксама абавязкам усёй касцёльнай супольнасці на кожным яе ўзроўні…” [20].
Любоў – гэта наш святы абавязак. Менавіта таму мы, асабліва падчас Вялікага посту, разважаем пра яе на парафіяльных рэкалекцыях. Пра гэтую любоў святары нагадваюць нам у казаннях. Яскравым прыкладам ахвярнай любові да бліжняга з’яўляецца святая Маці Тэрэза з Калькуты. Папа Францішак пажадаў, каб яе ўспамін адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле 5 верасня. Гэтая святая праз сваё няпростае служэнне паказала, як любіць бліжняга, нават калі ён адкінуты ўсім грамадствам.
“Пост без міласэрнасці – гэта нішто”, – казаў святы Аўгустын. У ІІІ Нядзелю Вялікага посту ва ўсіх парафіяльных супольнасцях па ўсёй Беларусі адбываецца збор сродкаў на патрэбы “Caritas”. “Caritas” – гэта тыя касцёльныя структуры, якія адказваюць у нашых дыяцэзіях за арганізацыю і рэалізацыю дапамогі тым, каму гэта найбольш патрабуецца. Мы ведаем, што вы, дарагія браты і сёстры, у сваім штодзённым жыцці стараецеся дапамагаць тым, хто ў патрэбе. У многіх з вас звязана з гэтым і праца. Таму сёння хочам сказаць шчыры дзякуй усім тым, хто праз сацыяльнае служэнне дапамагае адзінокім, пакінутым, хворым і бедным людзям.
Шчыры дзякуй выказваем вам, дарагія браты і сёстры, за ахвяраванні, якія складаеце на патрэбы “Caritas”. Усе гэтыя сродкі накіроўваюцца на арганізацыю дабрачыннай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У 2024 годзе нам у Беларусі разам з каталіцкімі замежнымі фондамі ўдалося дапамагчы больш чым 46 тысячам чалавек. Гэта перадусім людзі з інваліднасцю, пажылыя і адзінокія асобы, шматдзетныя сем’і і людзі без пастаяннага месца жыхарства. Гэтая дапамога стала рэальнай толькі дзякуючы вашаму добраму сэрцу і дапамозе католікаў з іншых краін – нашых братоў і сясцёр.
Канешне, у параўнанні з мінулымі стагоддзямі сучасныя грамадствы пайшлі далёка наперад у сацыяльнай дапамозе людзям. Сёння нашмат прасцей атрымаць якасную медыцынскую дапамогу. Існуюць дамы для састарэлых, інтэрнаты і прыёмныя сем’і. Аднак ніводная інстытуцыя не заменіць чалавеку чулага і любячага сэрца. І праявіць сваю міласэрную любоў можна вельмі малым коштам, або і зусім бясплатна. Дастаткова цёплага слова, звычайнай увагі ці проста размовы.
Давайце азірнёмся навокал! Можа, хтосьці сярод нас зусім адзінокі? Можа, хтосьці не можа справіцца са сваім прыгнечаным станам? Мы ўсе, як дарослыя, так і дзеці, хочам быць любімымі і заўважанымі. Няхай у гэты святы час пакаяння і навяртання ў нас будзе больш братэрскай любові і міласэрнасці!
У сваім лісце на Вялікі пост 2025 Святы Айцец Францішак нагадвае нам, што хрысціяне пакліканы падарожнічаць разам, а не як адзінокія падарожнікі. Дэвіз Юбілею 2025 года – “Пілігрымы надзеі” – нагадвае нам, што нашае жыццё – гэта таксама пілігрымка. Давайце ісці гэтай пілігрымкай разам, дапамагаючы тым, хто стаміўся, хто паранены, хто блукае.
Няхай Панна Марыя, Маці надзеі, заступаецца за нас і суправаджае ў нашай жыццёвай вандроўцы.
Давяраючыся вашым малітвам,
дырэктары “Caritas” Беларусі.
Гэты ліст неабходна прачытаць у ІІІ Нядзелю Вялікага посту ва ўсіх парафіяльных супольнасцях Беларусі.