28 красавіка а 18 гадзіне вечара ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе распачаўся штогадовы Дыяцэзіяльны дзень моладзі. Вясна добра спрыяе радаснаму настрою, а цёплае надвор’е яшчэ больш распальвае гарачыя маладыя сэрцы, таму сёлетні дзень моладзі праходзіць пад дэвізам “Радуйцеся заўсёды ў Пану”. Менавіта добрай, сапраўднай радасці, а не вяселля патрабуе сёння моладзь.
Сустрэча распачалася супольным Ружанцам падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.
Затым уся моладзь уключылася ў малітву падчас святой Імшы, якую ўзначаліў кс. пробашч Юзаф Ганьчыц. У часе святой Імшы моладзь гучна малілася і спявала, такім чынам выказваючы сваю веру. Слова Божае да моладзі скіраваў яе галоўны арганізатар кс. Антоні Грэмза. Ён гаварыў аб радасці, якая з’яўляецца наступствам вольнага ад граху сэрца. Смутак і журбота апаноўвае чалавека тады, калі ён не слухае свайго сэрца і згаджаецца ўпусціць у яго грэх. Сапраўдны хрысціянін не трывае ў граху, бо прагне радасці, радасці свабоднага сэрца, а яна магчыма толькі ў Езусе Хрысце.
Пасля святой Імшы і гадзіннага перапынку ўсе сабраліся ў касцёле каб выслухаць падрыхтаваную айцом Валерыем Мазюком CssR, пробашчам парафіі Волпа, канферэнцыю аб вытоках хрысціянскай радасці. Ён гаварыў аб тым, дзе трэба шукаць Бога, як змагацца са злым духам, які спакушае нас да граху. І ва ўсім гэтым ня можна быць смутным. Чалавеку патрэбна вера ў Бога, які яго любіць і не можа не любіць. А. Валерый гаварыў аб тым, што чалавеку цяжка жыць, калі ён мае бруднае сумленне. Але Езус гаворыць каб мы, як малыя дзеці, якія прыносяць бацькам свае раны для аздараўлення, прыносілі ўсё тое, што папсавалі Езусу, каб ён гэта аднавіў.
Пасля канферэнцыі моладзь сабралася перад уваходам у касцёл, дзе семінарыйны гурт “AVE” закончыў сваёй музыкальнай праграмай першы дзень сустрэчы.